Адам Мальдзіс адракаецца ад астравецкага землятрусу і прапануе стварыць у Астраўцы музей БелАЭС

Пройдзе зусім няшмат часу, і падзеі сённяшняга дня стануць гісторыяй, і вялікую каштоўнасць будуць мець і фотаздымкі, і артэфакты — паклапаціцца пра гэта трэба сёння, каб заўтра не было позна, — пиша абазравальнік газеты Астравецкая праўда, пісьменнік і краявед Адам Мальдзіс. Ен  пераконвае жыхароў раёну, што лес Фукусімы гэтай мясцовасці не пагражае:

А сейчас наш класс пойдет в музей...
А сейчас наш класс пойдет в музей...

Сёння ўвага ўсяго свету прыкавана да Японіі, якую напаткала страшэнная прыродная катастрофа: землятрусы, што раз-пораз скаланаюць краіну, цунамі, што прынеслі шматлікія разбурэнні, тысячы загінуўшых і прапаўшых без вестак людзей, аварыя на атамнай электрастанцыі

Я, як і кожны нармальны чалавек, магу толькі шчыра паспачуваць японцам, з якімі нас, беларусаў, і ў прыватнасці, маіх землякоў, жыхароў Астравеччыны, звязвае імя Іосіфа Гашкевіча, які быў першым расійскім консулам у Краіне Узыходзячага Сонца, а апошнія гады свайго жыцця правёў на Астравеччыне.
Спачуваючы Японіі і яе народу, я тым не менш не без здзіўлення даведаўся, што на некаторых сайтах у інтэрнэце у сувязі з японскай трагедыяй усплыло маё імя і спасылкі на маю кнігу «Астравеччына, край дарагі».

Маўляў, вось якая бяда адбылася ў Японіі ў выніку землятрусу — а некалі ж Адам Мальдзіс пісаў у сваёй кнізе, што і на Астравеччыне быў землятрус сілай ажно да сямі балаў, а там атамную электрастанцыю збіраюцца будаваць — ну і гэтак далей.
Памятаю, што нічога падобнага я не пісаў. Але ж сем раз правер… Узяў у рукі сваю кнігу «Астравеччына, край дарагі». На старонцы 173 чытаю наступны абзац:
«А яшчэ хутар Сяржанты ўвайшоў у гісторыю тым, што 17 снежня 1909 года тут адбыўся… землятрус. «Наша ніва» тады пісала, што ў той дзень «жонку арандатара фальварка Сяржанты разбудзіў страшны гром. Зазвінелі шклы ў вокнах, і здалося гаспадыні, што падае дом. Але ўсё ўціхла. Хутка прыбег і арандатар, што быў пры скаціне ў хляве, і расказаў, што і ён таксама чуў гул, быццам гром праляцеў па небе, зямля задрыжэла, і жывёлы пападалі на калені. Выбежаўшы з хлеву, ён убачыў быццам роў глыбокі, каторы цягнуўся, мусіць, з вярсту ўздоўж з паўночы на палудня-усход. Думаюць, што гэта адгалосак таго страшэннага трасення зямлі, што зруйнавала ў Італіі некалькі вялікіх гарадоў і без ліку вёсак. Гэтае землятрасенне, як кажуць, адазвалася ў некалькіх месцах Віленскай губ.»

Колькі ў той інфармацыі праўды, а колькі засценковай хлусні ці фантазіі — сказаць сёння цяжа. Старажылы нічога падобнага не памятаюць, а роў адшукаць не ўдалося. Праўда, ёсць доўгія акопы часоў першай імперыялістычнай вайны. Але яны не там, дзе стаялі хлявы, а далёка ў лесе, каля дарожкі на Анелін».
Як бачна, нічога падобнага на землятрус у сем балаў няма ні ў публікацыі «Нашай нівы», на якую я спасылаўся, ні ў маёй кнізе. Больш таго: я ўважліва праверыў па летапісу прыродных здарэнняў, у якім занатаваны розныя прыродныя катаклізмы, пачынаючы з ІІ стагоддзя, ці было нешта падобнае на тэрыторыі сённяшняга Астравецкага раёна. Там апісваюцца розныя прыродныя катаклізмы — да прыкладу, сонечнае зацьменне, адсутнасць зімы, з’яўленне на небе замест аднаго сонца ажно трох, тое, што у верасні выпаў снег… А вось пра землятрус — ні слова. Я думаю, калі б здарылася нешта падобнае, ды яшчэ сілай у сем балаў, то гэта абавязкова знайшло б сваё адлюстраванне ў пісьмовых крыніцах — тым больш, што іх у той час было ўжо дастаткова. Калі і сапраўды да нашых краёў дайшлі адгалоскі італьянскага землятрусу, то сіла яго не перавышала 2-3 балаў. І спасылкі на тое, што Мальдзіс пісаў пра астравецкі землятрус, не маюць пад сабой ніякіх падстаў — ды і як пісаць пра тое, чаго не было?
Мне здаецца, што пры будаўніцтве АЭС трэба баяцца не міфічных землятрусаў, а найперш славутага «чалавечага фактару», які, па сутнасці, і стаў прычынай трагедыі ў Чарнобылі. А пагэтаму трэба клапаціцца пра тое, каб на станцыі працавалі людзі адукаваныя, выхаваныя, якія шануюць і берагуць сваю нацыянальную культуру і свой край — такія, да прыкладу, як працаўнікі Ігналінскай АЭС, нашы беларусы, якія нядаўна прыязджалі да нас у Мінск — яны гаварылі, што з задавальненнем пераехалі б у родную Беларусь і сталі працаваць на першай беларускай АЭС.

І яшчэ — хоць гэта не тычыцца напрамую закранутай тэмы, але раз ужо размова зайшла пра будаўніцтва АЭС на тэрыторыі Астравецкага раёна, хацелася б параіць абавязкова ўлічыць гэты факт пры стварэнні экспазіцыі раённага музея.

Бо пройдзе зусім няшмат часу, і падзеі сённяшняга дня стануць гісторыяй, і вялікую каштоўнасць будуць мець і фотаздымкі, і артэфакты — паклапаціцца пра гэта трэба сёння, каб заўтра не было позна. Напэўна, у гэтым музеі патрэбна паказаць і перасяленцаў з беларускага Палесся, якія пасля Чарнобыльскай АЭС знайшлі на Астравеччыне другую радзіму — як напамін аб маральнай адказнасці за лёс людзей, што тут жывуць, за будучыя пакаленні, бо не намі сказана, што сцеражонага Бог сцеражэ.
І трагічныя падзеі ў Японіі — лішняе таму пацвярджэнне.

Крыніца Мірны атам


Добавить статью в закладки

Comments are closed.

-->