Ровар як кароль асфальту

У мінулую суботу, 7 жніўня, у Жодзіна адбылася падзея. Горад, знакаміты як радзіма кар’ерных самазвалаў, стаў вядомы і дзякуючы сваім раварыстам. У межах грамадскай кампаніі “Ровар у горадзе” адбыўся гарадскі велапрабег.
Праз увесь горад – паўз мікрараёны са шматпавярховікамі, міма БелАЗу, ўздоўж чыгункі, па ціхіх вуліцах прыватнага сектару – пракаціліся 17 раварыстаў і раварыстак на сваіх жалезных (а ў кагосьці і алюмініевых) конях. Лічба невялікая, але для малога горада і яна заўважна.
Праехалі, каб зрабіць сваю прысутнасць у горадзе лепш бачнай, каб сцвердзіць патрэбу ў роварнай інфраструктуры (веласцежкі, стаянкі), неабходнасць зменаў правілаў дарожнага руху на карысць раварыстаў.

Зараз у Жодзіна ёсць веластаянкі каля крамаў і устаноў, але няма, напрыклад, каля чыгуначных прыпынкаў і аўтастанцыі. А як было б зручна раніцай запаркаваць ровар па дарозе на працу ці за пакупкамі, сесці ў цягнік, а ўвечары ізноў перасесці на ровар, каб вярнуцца дамоў…
Веласцежка ёсць толькі на ўчастку шашы Мінск – Барысаў, якая праходзіць праз горад. Яна зручная, але яе, безумоўна, мала. А ездзіць па ходніках, як прадпісваюць правілы дарожнага руху (ПДР), нязручна, а часта і небяспечна (месцамі бардзюры даходзяць да 20-25 сантыметраў вышыні пры адсутнасці пандусаў).
Апошняя рэдакцыя ПДР дыскрымінуе раварыстаў, забараняючы ім рух па праезнай частцы пры наяўнасці ходніка ці веласцежкі. Але ходнік найчасцей аказваецца непрыстасаваны да руху раварыстаў (як, дарэчы, і інвалідаў-калясачнікаў). Веласцежкай жа назваць могуць і раздзяўбаную паласу асфальту, якая праз 200 метраў перарываецца і не мае ніякага працягу.
Кампанія “Ровар у горадзе” пакуль разлічана на Менскую вобласць і Менск, але арганізатары запрашаюць далучацца ўсіх ахвочых, каб разам зрушыць Беларусь да больш зялёнай і роварнай будучыні. Пра грамадскую кампанію “Ровар у горадзе” можна даведацца болей на сайце: http://rovar.in-by.net/

Але велапрабег – гэта не толькі грамадская дзейнасць, а яшчэ і шмат асалоды.
Адзін з больш сталых удзельнікаў пакатушкі, спецыяльны госць з Гомелю Юры Глушакоў, сказаў пасля фінішу: “Гуртам катацца весела. Хуткасць п’яніць. Адчуў сябе сапраўдным каралём асфальту!”
Пакатушка скончылася вечарынкай. Цёплая кампанія размясцілася ў прыватным двары, дзе было ўдосталь месца і для людзей, і для ровараў. На вяртушках граў ды-джэй, піліся прахаладжальныя напоі, вяліся вольныя гутаркі.
Наперадзе – мерапрыемствы ў іншых гарадах, а таксама руцінная праца па адстойванні раварыстамі сваіх правоў.

Вольнасць, роўнасць і талеранцыя па-варшаўску. Уражанні з вандроўкі на Еўрапрайд-2010

Галоўнай падзеяй мінулага тыдня ў Варшаве стаў Еўрапрайдфестываль роўнасці лесбіек, геяў, бі- і транссэксуалаў агульнаеўрапейскага значэння. Яшчэ нядаўна ў Варшаве забаранялі ЛГБТ-маніфестацыі, але лесбі-гейская супольнасць перайшла ў наступ – мова ідзе не толькі пра дазвол на парады, але і пра легалізацыю партнёрстваў і магчымасць апекі над дзецьмі для аднаполых пар.

Ужо напярэдадні парада сярод галоўных тэмаў усіх газет стала роўнасць ЛГБТ. Абысці Еўрапрайд увагай не здолела нават правая “Rzeczpospolita”.

Парад роўнасці прайшоў вуліцамі польскай сталіцы ў суботу, 17 ліпеня, у самую спёку, з 13 да 18 гадзін. На Тэатральным пляцы на дзевяць платформаў ладавалася гукавое абсталяванне, навешваліся расцяжкі, забіраліся аматары патанчыць. Нешматлікая беларуская дэлегацыя таксама размясцілася на адной з платформ. Так што прайд мы бачылі зверху.

Калі ў Заходняй Еўропе Еўрапрайд актыўна падтрымліваюць транснацыянальныя карпарацыі, то ў Польшчы большасць збаялася адмоўнай рэакцыі спажыўцоў – толькі адна платформа несла на сабе банеры (сумна)вядомай IT-кампаніі. Затое актыўна выступілі палітычныя партыі і групоўкі, у першую чаргу сацыял-дэмакраты і зялёныя, якія мелі свае платформы. Зялёныя нават выдрукавалі з нагоды прайду спецвыпуск сваёй газеты “Zielone wiadomości”.

Паколькі прайд у Польшчы яшчэ не паспеў дарэшты скамерцыялізавацца, то і палітычныя тэмы на ім чуваць лепей. Многія ўдзельнікі звязваюць прыняцце геяў і лесбіек у грамадстве з прыняццем іншых меншасцяў: напрыклад, этнічных, або людзей з адмысловымі патрэбамі.

Старт парада адбыўся на пляцы Банковым, а потым па Маршалкоўскай, Ерусалімскіх алеях і некаторых іншых вуліцах дэманстрацыя рушыла на пляц Канстытуцыі (дарога праходзіла праз самы цэнтр Варшавы).

Fot. Bartosz Bobkowski / Agencja Gazeta

Fot. Bartosz Bobkowski / Agencja Gazeta

Не ўсё было лёгка і бесклапотна. У суботу прайшло таксама 5 контр-маніфестацый і пікетаў. Адна дэманстрацыя адбылася да Параду роўнасці, але астатнія праходзілі адначасова і ў тым самым месцы. Праўда, усе гамафобныя мерапрыемствы былі нешматколькаснымі.

Сярод контр-маніфестантаў было колькі адносна спакойных “ісцінных хрысціян”, якія заклікалі “вычварэнцаў” пабаяцца бога. Пераважалі, аднак ваяўніча настроеныя неанацысты ва ўзросце ад 20 да 30 гадоў. Але, нягледзячы на сваю агрэсіўнасць, контр-маніфестанты не пайшлі далей за кіданне яйкамі, размахванне плакатамі і паказванне сярэдніх пальцаў. Спакой еўрапейскіх гасцей, што з’ехаліся на прайд, ахоўвалі 2000 паліцыянтаў. Пры гэтым кардон не быў суцэльны, праз яго можна было прайсці. Хтосьці выходзіў у краму за вадой, хтосьці з мірных гледачоў далучаўся да парада.

На пляцы Канстытуцыі па завяршэнні ўласна парада адбыўся мітынг, на якім выступалі як польскія дзеячы руху за правы ЛГБТ, так і госці з іншых краёў Еўропы. Відавочна, прайд прайшоў удала, хаця ўдзельнікаў было не так і шмат. Арганізатары чакалі 15-20 тысяч, паводле падлікаў паліцыі прыйшло 8 тысячаў, арганізатары налічылі пажаданыя 15 тысяч. Атмасфера была збольшага карнавальная, а гамафобы былі нязначнай меншасцю сярод добразычлівых гледачоў, якія віталі парад. Здаецца, што ў Польшчы сапраўды наступае пералом у грамадскім успрыняцці сэксуальных меншасцяў і атрыманне імі поўных правоў ужо не за гарамі.

Але Еўрапрайд – гэта не толькі парад. Больш за тыдзень у Варшаве ішлі разнастайныя мерапрыемствы – прэзентацыі кніг, публічныя дыскусіі, прэс-канферэнцыі, кінапаказы, шоў травесці.

Вашаму карэспандэнту пашанцавала трапіць толькі на адну выставу, затое якую! Выстава Ars homoerotica размясцілася не абы-дзе, а ў Нацыянальным музеі ў Варшаве (Muzeum Narodowe w Warszawie) – адным з найбольш важных музеяў Польшчы. І гэта не маленькая экспазіцыя на пару залаў, пра якую можна даведацца толькі на гей-лесбі сайтах. На будынку музея вісіць здаровы банер, які апавяшчае пра выставу, а частка экспанатаў размясцілася проста ў холе – “звычайным наведнікам” іх ніяк не абмінуць.

Першая ж скульптура (праца чэха Давіда Чэрны) – каталіцкія манахі, якія ўмацоўваюць у грунт вясёлкавы сцяг. Калі рэч упершыню была паказаная публіцы, то выклікала фурор і вялікія спрэчкі. Аўтар сапраўды патрапіў “у яблычак”, паказваючы супярэчнасці польскага грамадства.

У холе ж прадстаўлена і праца беларускай мастацкай групы “Бергамот” – “рэканструкцыя” відэасюжэта “беларускай тэлевізіі” пра сітуацыю ЛГБТ-супольнасці ў Беларусі і разгон менскага гей-прайду ў траўні бягучага году.

Але працы з высокім грамадзянскім пафасам (секцыя “Час змагання”) займаюць адносна няшмат месца. Адпаведна з назвай выставы, дамінуе эротыка.

Вялікая частка выставы – гэта антычныя прадметы або больш познія варыяцыі на антычныя сюжэты (раздзел “Гомаэратычны класіцызм”). Адным з найбольш важных грэцкіх гомаэратычных сюжэтаў была сувязь Зеўса і Ганімеда, якой прысвечана асобная секцыя выставы.

Іншыя часткі выставы – гэта “Мужчынскае ню”, “Архіў” (плакаты фільмаў і спектакляў знакамітых гомасэксуальных рэжысёраў, драматургаў і артыстаў), “Трансгендэр”, “Лесбійскі imaginarium”.

Нягледзячы на тое, што на выставе не толькі вельмі шмат аголенага цела, але ёсць і эратычныя сцэны, якія мяжуюць з порна, агляд для дзяцей не абмяжоўваецца. Толькі перад уваходам у секцыю пра хрысціянскага пакутніка святога Себасцьяна вісіць папераджальная таблічка. Але яна тычыцца не аголенага цела, а вельмі натуралістычных сцэн катавання святога. Канчатковае рашэнне, ісці ці не ісці дзецям на гэтую секцыю выставы, мусяць прыняць самі бацькі.

Для наведнікаў, стомленых аглядам вялікай выставы, на другім паверсе ў холе прадугледжаны вельмі зручныя вялікія банкеткі, на якіх можна літаральна разваліцца. А побач на стале акурат ляжаць кніжкі па-польску пра гомасэксуальнасць, квір ды на іншыя звязаныя тэмы. Ёсць кніжкі з карцінкамі для дзетак, ёсць салідныя энцыклапедычныя выданні, ёсць навуковыя даследаванні. Нам бы такое багацце літаратуры. Ды што нам, нават расіяне могуць пазайздросціць палякам.

Выстава працягнецца да 5 верасня, так што шанец патрапіць на яе яшчэ ёсць.

У Маскоўскім РУУСе завяліся франкісты?

У панядзелак, 17 траўня, група моладзі наладзіла ў Менску адкрыты відэапаказ фільму “Libertarias” (у расійскіх перакладах – “Поборницы свободы” і “Анархистки”). Фільм распавядае пра жаночую вызваленчую (як сказалі б зараз – фемінісцкую) арганізацыю “Свабодныя жанчыны” ў Іспаніі часоў грамадзянскай вайны 1936-1939 гадоў. Натуральна, што прыхільніцы волі змагаліся са злейшым ворагам усіх жанчын – фашызмам, які ў Іспаніі праявіўся ў выглядзе франкізму.

Як толькі пачаўся прагляд фільму, у залу ўвайшлі паліцыянты ў цывільным (адзіны ў форме сціпла туліўся да дальняй сцяны памяшкання, каб надпіс на ягоным бэджы ніхто не здолеў прачытаць). Не прадставіўшыся, яны спынілі відэапрагляд, абвясцілі ўсіх прысутных затрыманымі, а затым адвезлі ўсе 17 аматараў кіно ў Маскоўскі РУУС.

Там іх трымалі нібыта “для высвятлення асобаў” амаль тры гадзіны, ператрэслі сумкі і вадзілі “нефармальныя гутаркі”, выведваючы, хто з кім і як даўно знаёмы, чым займаецца і навошта прыйшоў на паказ гістарычнага фільма. Некаторых папрасілі напісаць тлумачальныя запіскі пра відэапаказ.

Трэба меркаваць, што ў менскай паліцыі ёсць тайныя аматары дыктатара Франка, якім вельмі не падабаецца, што нехта паказвае кіно пра іспанскую рэспубліку. Каудзільё, аказваецца, дагэтуль жыве ў сэрцах яго ідэйных нашчадкаў.

(Падрабязны рэпартаж з месца падзей можна прачытаць тут: http://belarus.indymedia.org/20269).

А птиц на всех хватит?

Украденную в Турове бронзовую скульптуру кулика – мородунки до сих пор вернуть не удалось. Милиция продолжает поиск виновных. Памятник кулику-мородунке, стоимостью более 2 тысяч долларов, был установлен к первому Фестивалю птиц в легендарном городке на берегу Припяти в мае 2009 года. Он простоял в целости и сохранности чуть меньше года. Потом птичка “улетела”…
Read more…

Не ядрыце клімат!

Ужо які год ядзернае лобі спрабуе атрымаць субсідыі за “ўнёсак у барацьбу са зменамі клімата”, што выклікае справядлівае абурэнне грамадскасці і пратэсты. Вось і ў Капенгагене падчас кліматычнага саміту ААН міжнародная сетка грамадскіх арганізацый “Don’t Nuke the Climate!” пераконвала народ, прэсу і ўрадавыя дэлегацыя, што “мірны атам” не ёсць сродкам развязання сусветнага кліматычнага крызіса.


Read more…

Каляндар атамнай эры. 6 студзеня

6 студзеня 1990 года на блоку 1 Калінінскай  АЭС пагоршылася радыяцыйная  абстаноўка. Пралілася каля 20 кубаметраў  вады з другога контура з  удзельнай радыёактыўнасцю каля  трох кюры на літр. Большая  частка радыёактыўнай вады трапіла ў возера Песьва, якое выкарыстоўваецца як вадаём-ахаладжальнік АЭС. Рэшта прасачылася ўнутр памяшканняў з персаналам і выклікала дадатковае апраменьванне работнікаў станцыі. Паводле афіцыйных звестак, вінаватым у здарэнні быў персанал АЭС.

Вядома, гэта быў не адзіны значны інцыдэнт на Калінінскай АЭС. Сур’ёзныя пазаштатныя сітуацыі здараліся і ў ліпені 1992, і ў траўні 1995, і ў іншыя часы. З 1991 па 2000 гады на Калінінскай АЭС адбылося 98 парушэнняў у працы. І колькасць здарэнняў на гэтай АЭС не з’яўляецца рэкорднай; наадварот, яна даволі тыповая для расійскіх атамных электрастанцый.

Калінінская АЭС з трыма энэргаблокамі ВВЭР-1000 месціцца каля горада Удомля Цвярской вобласці, паміж азёрамі Песьва і Удомля. Абодва возера выкарыстоўваюцца для забора вады на патрэбы станцыі, у іх жа і зліваюцца сточныя воды. Так, у 2000 годзе аб’ём скінутай у азёры забруджанай радыёнуклідамі вады склаў 45375 кубаметраў. Даўней ваду з азёраў можна было пасля нескладанай ачысткі піць. Цяпер Удомля і Песьва з-за радыёактыўнага забруджання непрыдатныя нават для купання.

Пры гэтым  ёмістасці для захавання вадкіх і цвёрдых радыёактыўных адкідаў  перыядычна перапаўняюцца і атамшчыкі  ледзь-ледзь паспяваюць уводзіць у  эксплуатацыю новыя. Так, на мяжы ХХ і ХХІ стагоддзяў на Калінінскай АЭС былі цалкам, на 100% запоўненыя ёмістасці кубовай рэшты і нізкаактыўных сарбентаў, а перапрацоўка сухіх соляў на ўстаноўцы бітумавання не праводзілася, бо кампаўндасховішча станцыі было запоўнена на 99%.

Але АЭС – гэта не толькі радыёактыўнае забруджанне навакольнага асяроддзя, гэта яшчэ і клубок сацыяльных праблем.

Калінінскую АЭС пачалі будаваць у 1974 годзе, але  дагэтуль у старой частцы Удомлі няма нармальнай пітнай вады. Вада ў студнях і калонках надзвычай брудная, піць яе немагчыма. Пры будаўніцтве АЭС старая сістэма водазабеспячэння была парушаная, а пра наладжванне новай атамшчыкі не паклапаціліся. На тыя вуліцы, дзе пракладзены асфальт, прывозяць ваду ў бочках; але большасць вуліц такой раскошы пазбаўленая.

Дамы дагэтуль атапліваюцца дровамі, а дровы (ў лясным краі!) непамерна дарагія пры нізкіх зарплатах. “Росатом” не парупіўся, каб правесці ў гістарычную частку горада газ.

Электраэнэргія  ў старую частку Удомлі дагэтуль падводзіцца не з АЭС, а з горада Балагое. З 2002 года ніякіх зніжак за суседства з АЭС мясцовыя жыхары (як і жыхары іншых гарадоў атамшчыкаў) не атрымліваюць – аплочваюць электрычнасць напоўніцу.

Да 2005 года нават у новай частцы горада не працавала вулічнае асвятленне.

Вось такі рай рыхтуе “Росатом” для многіх мясцінаў у Расіі, дзе плануе будаваць свае АЭС: забруджаная прырода, адсутнасць сацыяльнага забеспячэння, разваленая інфраструктура.

Паводле матэрыялаў Сацыяльна-экалагічнага саюза і Грынпіс-Расія

Бюджет на АЭС из мешка Деда Мороза

В бюджете Беларуси на 2010 год заложена сумма в 261 млрд. белорусских рублей ($90 млн.) на подготовительные работы по созданию белорусской АЭС. Это ж сколько ледовых дворцов можно построить?
Read more…

Капенгаген, 1984/2009: храналогія падзей

Самай сціслай квінтэсэнцыяй капенгагенскага настрою аўтара можа стаць адна лічба: 1984. Першы ўспамін пра паездку на “COP 15″, які прыходзіць у галаву, – налепкі на слупах па цэнтры горада. Малапрыкметныя такія (іх, відаць, таму не надта і здзіралі): на шэрым фоне кола са светлых еўразвязаўскіх зорачак, унутры кола – 1984, і ў куточку дробна: George Orwell.
Read more…

Каляндар атамнай эры. 12 лістапада

У лістападзе 2003 года гідраграфічная служба Паўночнага флота Расіі праводзіла планавы агляд маякоў у Кольскай затоцы. Дванаццатага чысла супрацоўнікі службы знайшлі цалкам разабраны радыяізатопны тэрмаэлектрычны генератар (РИТЭГ), які сілкаваў электрычнасцю навігацыйны знак у губе Аленяй. Трынаццатага лістапада знайшлі цалкам разабраны РИТЭГ, які сілкаваў электрычнасцю навігацыйны знак на востраве Ніжні Гарачынскі. Радыяізатопныя крыніцы цяпла (РИТы) былі знойдзеныя паблізу – адзін у вадзе, другі на беразе выспы.

РИТ – крыніца радыяцыі з магутнасцю выпраменьвання каля 1000 рэнтген у гадзіну (бо ўтрымлівае стронцый-90), таму знаходжанне бліжэй за 500 метраў да яго небяспечна для здароўя і жыцця. Ліквідацыяй наступстваў аварыі займаліся да канца месяца – спярша ачапілі мясцовасць вакол небяспечных знаходак, а праз пару тыдняў перавезлі іх на пляцоўку часовага захавання службы радыяцыйнай, хімічнай і біялагічнай абароны (РХБЗ) Паўночнага флота. Толькі ў 2005 годзе небяспечны груз накіравалі ў спецыялізаваны навукова-даследчы інстытут (ВНИИТФА, Масква) для разборкі і далейшай адпраўкі на сумнавядомае вытворчае аб’яднанне “Маяк” (глядзі “Каляндар атамнай эры” за верасень) для захавання.

Рабаўнікі, якія разабралі РИТЭГі на запчасткі, атрымалі смяротныя дозы радыяцыі. Праўда, выявіць іх так і не атрымалася.

У свой час было выраблена каля 1500 радыяізатопных тэрмаэлектрычных генератара. На пачатак стагоддзя ў Расіі было каля 1000 РИТЭГаў, якія выкарыстоўваліся пераважна як элемент сілкавання маякоў. Ужо на той час усе яны выпрацавалі свой тэрмін дзеяння і павінны быць утылізаваныя. Тэрмін службы РИТЭГаў складае ўсяго 10 год, але бяспечнай актыўнасці радыяізатопныя крыніцы цяпла РИТ-90 дасягаюць толькі праз 900-1000 год. Дакладную колькасць РИТЭГаў ніхто не ведае, бо ў пачатку 1990-х уліковая дакументацыя пагублялася (магчыма, яе і не вялі) і яе даводзіцца аднаўляць.

Прыкладны кошт вывазу аднаго РИТЭГа з месца дыслакацыі і працэдуры ўтылізацыі складае каля 120 тыс. дол., што прыкладна роўна кошту новага РИТЭГа. Таму ўтылізоўваць іх Расія не спяшаецца. Калі суседзі па Арктыцы – Нарвегія і ЗША – даюць грошы, то вывозяць і захоўваюць. А не, то пакідаюць валяцца абы-як і абы-дзе. Так, валяюцца два аварыйна скінутыя з верталётаў РИТЭГі ў акіяне каля ўзбярэжжа Сахаліна. Некаторыя РИТЭГі аказваюцца папросту згубленымі: напрыклад, у верасні 2003 года інспекцыя не знайшла РИТЭГ на пункте «Кувэквын» (Чукотка).

У тых жа, якія ляжаць на месцы, часам руйнуецца блок радыяцыйнай абароны. Так, на мысе Наварын Чукоцкай аўтаномнай акругі ляжаў аварыйны РИТЭГ, узровень гама-выпраменьвання ад якога ў 2004 годзе дасягаў 87 рэнтген у гадзіну. Ясна, што на здароўі людзей, якія праходзяць міма, гэта адбіваецца не лепшым чынам. У 1998 годзе ў сяле Ванкарэм ад лейкеміі памерла двухгадовая дзяўчынка. Каля сяла знаходзіцца закінуты РИТЭГ.

Хтосьці яшчэ верыць пасля такіх гісторый, што атамшчыкі дбаюць пра бяспеку людзей? Ім абы тавар адгрузіць заказчыкам, а далей хай самі разбіраюцца як і за якія шышы гэную радасць утылізаваць.

P.S. На цяперашні момант усе РИТЭГі, якія сілкавалі маякі ў Мурманскай вобласці, вывезеныя на “Маяк”. Электраэнэргію маякам даюць сонечныя батарэі. Прыклад, варты пераймання.

У падрыхтоўцы календара выкарыстаны матэрыялы сайта bellona.ru, а таксама кніга Аляксея Яблакава “Миф об экологической чистоте атомной энергетики“.

Насустрач кліматычным перамовам у Капенгагене: па-за афіцыйным самітам ААН

7-18 снежня 2009 года ў Капенгагене пройдуць так званыя COP15 – кліматычныя перамовы пад эгідай ААН, на якіх абмяркуюць дамову па змяншэнні выкідаў парніковых газаў у атмасферу (http://en.cop15.dk/). Але па-за межамі Бэла-цэнтру (у ім адбудуцца перамовы) таксама будзе шмат мерапрыемстваў, якія прыцягнуць многія тысячы ўдзельнікаў. Прапаноўваем вашай увазе сціслы агляд асноўных з іх.

Мерапрыемствы ладзяць тры асноўныя сеткі: Klimaforum09, Climate Justice Action і Never Trust a COP. Разглядзім іх па чарзе.

Klimaforum09 (http://www.klimaforum09.org/) – добрапрыстойная кааліцыя няўрадавых арганізацый, у значнай частцы дацкіх. Яна выступае супраць тэхналагічных “развязанняў” праблемы з кліматам, за зніжэнне спажывання рэсурсаў, узнаўляльную энэргетыку, біяразнастайнасць, ашчадную да навакольнага асяроддзя сельскую гаспадарку і да т.п.

Уласна Klimaforum09 пройдзе ў DGI-byen, вялікім канферэнц-комплексе ў цэнтры Капенгагену. Праграма абяцае быць разнастайнай і ў многіх выпадках цікавай. Значную частку часу зойме распрацоўка дэкларацыі форума. Ужо зараз тэкст дэкларацыі абмяркоўваецца ў інтэрнэце, а прыняць яе плануюць пасярод саміта, каб перадаць на ААНаўскія перамовы. Выступіць на Клімафоруме пагадзіліся такія вядомыя асобы, як Вандана Шыва і Наомі Кляйн. Пройдуць некалькі канцэртаў: будзе спяваць і Дэвід Ровікс, якога так часта слухалі беларусы пад Ростакам у чэрвені 2007. Сярод іншых свае мерапрыемствы заявілі міжнародны рух сялян Via Campesina, Брытанскі кліматычны летнік (тэма: Змены клімату і антыкапіталізм), калектыў народнай адукацыі Trapese (Англія) ды Транснацыянальны інстытут (Амстэрдам).

Але варта адзначыць, што і Via Campesina, і Trapese, і Брытанскі кліматычны летнік уваходзяць у сетку Climate Justice Action (дзеянне за кліматычную справядлівасць). Яшчэ ў CJA запісаліся Інстытут сацыяльнай экалогіі са Злучаных Штатаў (заснаваны Мюрэем Букчыным), Rising Tide, Глабальная кліматычная кампанія, A SEED, Еўрапейская моладзь за дзеянне (EYFA) ды многія іншыя. Назвы некаторых арганізацый зусім незнаёмыя, бо гэта прадстаўнікі Нігерыі ці Бразіліі.

climate

Сайт кампаніі

CJA (http://www.climate-justice-action.org/) збіраецца не размовы вадзіць, а дзейнічаць. Сетка адназначна выступае супраць рынкавых ідэяў “выхаду” з кліматычнага крызісу і дамінацыі карпарацый у кліматычных перамовах. Яе ўдзельнікі спадзяюцца збудаваць глабальны рух за кліматычную справядлівасць і правесці паўнавартасную сістэмную трансфармацыю нашага грамадства. Яны заклікаюць пакінуць выкапнёвае паліва ў зямлі, сацыялізаваць (!) і дэцэнтралізаваць энэргетыку, шанаваць правы карэнных народаў і выплаціць кліматычныя пазыкі, якія “развітыя” краіны маюць перад “недаразвітымі”.

Дакладнага раскладу мерапрыемстваў няма. Паколькі большасць з іх будзе не зусім легальнай (дазвол на блакаду электрастанцыі ў Даніі дастаць цяжка), то ў інтэрнэце пра іх, відаць, напішуць толькі пасля правядзення. Існуе расклад па днях. Так, 28 лістапада нас запрашаюць у Жэневу на марш супраць Сусветнай гандлёвай арганізацыі. У Капенгагене 13 снежня будзе дзень зрыву капіталістычнай вытворчасці, 14 снежня – дзень барацьбы з межамі і за правы кліматычных уцекачоў, а 16 снежня ўдзельнікі CJA мяркуюць наведаць афіцыйны саміт (верагодна, без афіцыйнага запрашэння).

12 снежня будзе вялікая дэманстрацыя, у якой прымуць удзел і Клімафорум, і Дзеянне за кліматычную справядлівасць. Далучацца да дэманстрацыі і радыкальныя левыя ды анархісты з Never Trust a COP (у вольным перакладзе – Ніколі не вер мянтам ды ААНаўскім перамовам па клімаце). На сваім сайце (http://nevertrustacop.org/) яны заклікаюць не ісці на ўскраіну да Бэла-цэнтра, а застацца ў цэнтры гораду – і дзейнічаць адпаведна сітуацыі ды ўласнаму разуменню.

Never Trust a COP разглядаюць глабальныя змены клімату як сацыяльную вайну, якую вядуць карпарацыі ды ўрады супраць народаў. Адпаведна, і народы мусяць узяць у рукі сякеры, пілы ды іншыя будаўнічыя інструменты, каб пачаць будаваць новы свет. “Даеш інтэрбрыгады!” – менавіта такі заклік часоў грамадзянскай вайны ў Іспаніі выкарыстоўваюць недаверлівыя паўстанцы.

Як бачна, у Капенгагене будзе цікава. “Мірны атам” плануе і надалей асвятляць снежаньскі кліматычны саміт у дацкай сталіцы. Сачыце за навінамі (а лепей – рабіце іх самі).

Страница 1 из 212»