Хуліган міжнароднай значнасці

Эксперт групы «Экозащита!» Андрэй Ажароўскі аказаўся дробным хуліганам. Так пастанавіў 9 кастрычніка суд Астравецкага раёна. Карэспандэнт «Мірнага атаму» паведамляе з залы суда.

Калі я даведаўся, што расійскага эксперта А. Ажароўскага будуць судзіць па абвінавачанні ў дробным хуліганстве (артыкул 17.1 Адміністрацыйнага кодэксу РБ), вырашыў трапіць на суд. Не кожны дзень усё-такі грамадзяне Расіі хуліганяць у цэнтры самога Астраўца. Трапіць у будынак суда, як выявілася, было не так лёгка. На ўваходных дзьверах цыдулка «ўваход з двара». На ўваходзе з двара кучна стаяць маладзёны ў цывільным, размінаюць кулакі і кажуць, што ўваход праз галоўныя дзверы. Пасля гутаркі праз вакно з дзяжурным міліцыянтам высвятляю, што ўваход усё-такі з двара. Для таго, каб трапіць у будынак астравецкага суда, давялося троху памёрзнуць на ветры. Маладзёны ў цывільным, якія адмаўляліся прадставіцца ці прад’явіць дакументы, пра сябе паведамілі толькі тое, што яны грамадзяне РБ. Але нават вокладкай хоць бы аднаго РБшнага пашпарту не памахалі і ўпарта не прапускалі ў будынак.

ozharovski-ibb

Андрэй Ажароўскi пад час прэс-канферэнцыi (IBB Мiнск, 21 верасня 2009)

Суддзя ж у залі завяраў падсуднага, што ўваход у суд свабодны. Пасля доўгіх угавораў з боку Ажароўскага суддзя-такі даў каманду прапусціць ахвочых у суд. Пусцілі (праверыўшы сумкі і абмацаўшы кішэні) толькі трох сведкаў абароны, адну журналістку і трох аматараў глядзець суды. Больш нікому прайсці не далі.

Сведкаў ад абвінавачання было ажно сямёра: пяць міліцыянтаў і дзве валантэркі аргкамітэту слуханняў.

Сведкі абвінавачання не маглі сысціся практычна ні ў чым. Ажароўскі, то хапаў за вопратку прадстаўніка аргкамітэту Свірыда, то не, а то ўжо хапаў за вопратку не Свірыда, а міліцыянта ў цывільным. То бег, то ішоў. То прарываўся ў залю з пакетам «забароненай» літаратуры, то кінуў пакет перад тым, як прарывацца.

arest-ozharovskogo-v-ostrovtse

Андрэй Ажароўскi затрыманы "валанцерамi" ў цывiльным. Фота - http://belarus.indymedia.org/

Пагадзіліся на тым, што абвінавачаны гучна і з выклікам размаўляў з людзьмі ў цывільным, якія на судзе аказаліся міліцыянтамі, і спрабаваў прарвацца ў залю слуханняў, каб сарваць іх. Праўда перад гэтым ён прайшоў рэгістрацыю, запісаўся на выступ і нават заняў сабе ў залі месца, але нас не правядзеш — гэта ўсё было зроблена для адводу вачэй. Насамрэч ён хацеў толькі скандаліць і хуліганіць!

ozharovski

Менавіта такім яго ўбачыла беларуская феміда

Пры гэтым затрыманне праводзілася міліцыянтамі ў цывільным, якія пасаромеліся прадставіцца ці прад’явіць дакументы, а пратакол аб правапарушэнні склалі толькі праз чатыры гадзіны пасля затрымання (працэсуальна-выканаўчы кодэкс аб адміністрацыйных правапарушэннях прапаноўвае складаць пратакол на працягу першых трох гадзін затрымання).

Сведкаў ад абароны ветліва выслухалі, але пад увагу іх словы не прынялі.

Ажароўскі патлумачыў, што нібыта ішоў з пакетам «Крытычных заўваг да папярэдняй ацэнкі ўздзеяння беларускай АЭС на навакольнае асяроддзе» ў кінаканцэртную залу «Астравец», каб выступіць на слуханнях і азнаёміць насельніцтва са сваім пунктам гледжання на праблему. Быў спынены на кардоне (КПП) каля залі людзьмі ў цывільным, якія пацікавіліся «Крытычнымі заўвагамі». Быў выкліканы прадстаўнік аргкамітэту Свірыд, які паведаміў, што заўвагі забароненыя аргкамітэтам да распаўсюду на слуханнях, але сам Ажароўскі можа пакінуць заўвагі на КПП і прайсці. Пасля чаго Ажароўскі нібыта пакінуў заўвагі на КПП і пайшоў у залю, але быў скручаны людзьмі ў цывільным і пасаджаны ў машыну. Але хто ж будзе верыць гэным хцівым «экспертам». Дзеля чаго яшчэ можна было ехаць ажно з Масквы ў ціхі і мілы Астравец, калі не дзеля хуліганства ды іншага парушэння парадку?!

Суддзя выйшаў для прыняцця рашэння і ажно 40 хвілінаў вагаўся. Колькі даць гэтаму злоснаму правапарушальніку? 10 сутак? 15? Можа быць, 15 за дробнае хуліганства і яшчэ 10 за супраціў міліцыянтам, каб усе 25 пасядзеў і падумаў над сваімі паводзінамі? Але айчынная Феміда надзвычайна лагодная. На першы раз хулігану міжнароднага значэння давядзецца правесці на ўтульных нарах Астраўца ўсяго 7 сутак.

Ура, спадарства! Ізноў мы былі сведкамі вяршэнства права! Няхай жыве Астравецкі суд, самы справядлівы суд у Беларусі!


Добавить статью в закладки

Comments are closed.