Пра страшную аббрэвіятуру АУНА і тое, што за ёй хаваецца

Або як Андрэй Арэонавіч і Якаў Імануілавіч ацэньвалі ўздзеянне АЭС на навакольнае асяроддзе і што з гэтага атрымалася

Ёсць такая страшная абавязковая працэдура для ўсіх будаўнічых праектаў, якія могуць пашкодзіць навакольнаму асяроддзю. Называецца яна «ацэнкай уздзеяння на навакольнае асяроддзе» (скарочана — АУНА). Вось і атамная электрастанцыя мусіць праз гэтую працэдуру прайсці.

Распрацоўнік праекта беларускай АЭС — Праектнае навукова-даследчае рэспубліканскае унітарнае прадпрыемства «БЕЛНИПИЭНЕРГОПРОМ» — замовіў розным арганізацыям розныя часткі гэтай ацэнкі, а потым скампіляваў іх у 131-старонкавы том. 9 верасня АУНА апублікавалі на сайтах Дырэкцыі будаўніцтва АЭС, Міністэрства энэргетыкі і Міністэрства прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя. А на 9 кастрычніка ў Астраўцы прызначылі грамадскія слуханні, дзе гэты дакумент будуць абмяркоўваць.

maket-belorusskoi-aes1

Нечалавечая прыгажосьць Мірнага Атаму

Дык вось, пра Андрэя Арэонавіча і Якава Імануілавіча. Вядома, у АУНА шмат аўтараў, але бальшыня іх пажадала застацца ананімнай. Гэтыя двое — Андрэй Арэонавіч Катанаеў і Якаў Імануілавіч Кенігсберг — 17 верасня дакладалі на паседжанні грамадскага каардынацыйнага экалагічнага савета пры Мінпрыроды пра сваю АУНА. Распавялі яны шмат цікавага.

Катанаеў, шчыра кажучы, не вельмі хацеў распавядаць, мабыць саромеўся. Ён нешта неразборліва мармытаў сабе пад нос і паказваў на невялікім экране слайды з такім дробным шрыфтам, што нават чалавек з ідэальным зрокам наўрад ці здолеў бы расчытаць. Але ён меў неасцярожнасць падзяліцца з прысутнымі файлам са сваёй прэзентацыяй. Там знайшлося шмат цікавага, нават такога, чаго няма ў тэксце АУНА.

Напрыклад: «На площадке отсутствуют особо охраняемые природные территории». Вядома, сама пляцоўка займае меней за 1 квадратны кіламетр. Шаноўны прадстаўнік «БЕЛНИПИЭНЕРГОПРОМ» неяк забыўся, што нават будаўніцтва АЭС — гэта не толькі прамысловая пляцоўка, гэта яшчэ 32-кіламетровая чыгунка, 6-кіламетровыя каналы з Віліі і назад, новыя аўтамабільныя дарогі, кар’еры, адвалы, палі фільтрацыі, палігон прамысловых адкідаў і сёе-тое яшчэ. Ды і эксплуатацыя электрастанцыі уплывае не толькі на яе будаўнічую пляцоўку. А паблізу ад Астравецкай пляцоўкі знаходзяцца Нацыянальны парк «Нарачанскі», ландшафтны заказнік рэспубліканскага значэння «Сарачанскія азёры» ды іншыя заказнікі і помнікі прыроды.

Або: «В радиусе 5 км нет сельскохозяйственного производства». Не ведаю, ці бываў калі Андрэй Арэонавіч на Астравецкай пляцоўцы. Я вось бываў. Магу засведчыць: на самой пляцоўцы і вакол яе — палі, якія апрацоўваюцца, і гароды мясцовых жыхароў (таксама не закінутыя).

«Вода в реках и озерах не загрязнена. Имеются значительный резервы для достижения ПДК по ряду показателей». Жаданні будаўнікоў АЭС прадстаўленыя непрыкрыта: дагонім і перагонім межава дапушчальныя канцэнтрацыі па ўсіх паказніках! Каб ніводнае возера ці рэчка не засталася чыстай!

Якаў Імануілавіч Кенігсберг з Міністэрства аховы здароўя дакладаў больш абстаяцельна, яго нават можна было пачуць. Праўда, прэзентацыяй ён не падзяліўся, таму давядзецца цытаваць па памяці.

«Других аварий на АЭС с выбросами радионуклидов в окружающую среду, кроме Три-Майл-Айлендской и Чернобыльской, не было». А-я-яй, спадар Кенігсберг, хіба ж вы забыліся, як у 30 лістапада 1975 года Ленінградская АЭС з-за разбурэння цеплавыдзяляючых зборак выкінула ў навакольнае асяроддзе (паводле розных ацэнак) ад 137 тысяч да 1,5 міліёнаў Кюры? Або як у траўні 1995 года звыш 80 тонаў цяжкай вады было выліта ў возера Гурон з канадскай АЭС Брус? А былі ж сотні і тысячы іншых аварый ды інцыдэнтаў. Ці то спадар Кенігсберг хлусіў пра «толькі дзве аварыі», ці то ён не разбіраецца ў радыяцыйнай медыцыне.

Усе свае высновы пра ўплыў радыяцыі на здароўе спадар Кенігсберг грунтуе на дадзеных па ахвярах бамбардавання Хірасімы і Нагасакі. Чамусьці дадзеныя пра ўплыў менавіта АЭС ды іншых крыніц малых дозаў радыяцыі яго не цікавяць. А справа ў тым, што нават дозы радыяцыі, меншыя за натуральны фон, могуць быць смяротнымі, калі іх атрымліваць пастаянна. Не хочацца, відаць, пра небяспеку працы АЭС у штатным рэжыме распавядаць.

Прадстаўнік Беларускай партыі «Зялёныя» Аляксандр Сікала АУНА прачытаць не паспеў. Ён задаў некалькі пытанняў, якія яго хвалявалі. Напрыклад, якія прадугледжаны затраты вады? І не атрымаў ад Андрэя Арэонавіча адказу. Самае цікавае, што ў АУНА адказ даецца (прыкладна 50 міліёнаў кубаметраў у год). Выходзіць, спадар Катанаеў АУНА не чытаў!

Карацей, 17 верасня 2009 на паседжанні ў Мінпрыроды ўся грамадскасць, якая туды прыйшла, пабачыла такі цырк без дроту і выказалася супраць АЭС. З такімі спецыялістамі ніякай бяспекі не будзе.

А некаторыя грамадскія арганізацыі замовілі незалежным экспертам крытыку на АУНА АЭС. 21 верасня гэтую крытыку прэзентавалі ў Менску. Мірны Атам ужо пісаў аб гэтым: «ОВОС белорусской АЭС признан несостоятельным»

Высновы дакладу несуцяшальныя для аматараў АЭС:

«Подготовленные ПНИРУП «Белнипиэнергопром» материалы Заявления о возможном воздействии на окружающую среду Белорусской АЭС не содержат действительно независимой оценки воздействия, а фактически являются некритическим воспроизведением рекламных материалов российской атомной промышленности.

Наиболее серьезной проблемой является то, что выбросы радионуклидов при возможных авариях занижены в сотни и даже тысячи раз. Размеры территории, которая может оказаться под воздействием как безаварийно работающей АЭС, так и аварийных выбросов определены некорректно. Как следствие, не предусмотрены мероприятия по защите населения и минимизации последствий возможных аварий.

Полностью отсутствует оценка воздействия снятия АЭС с эксплуатации. Авторы ОВОС дезинформируют общественность относительно возможного обращения с отработавшим ядерным топливом, игнорируют данные об опасности для здоровья регулярных «разрешенных» выбросов и сбросов радионуклидов. Воздействие градирен на окружающую среду и здоровье людей не учтено.

Это дезинформирует как общественность, так и лиц принимающих решения. Данный ОВОС должен быть отозван заказчиком. Общественное обсуждение на его основе должно быть прекращено.

Если будет проведена беспристрастная оценка воздействия всех аспектов влияния АЭС на окружающую среду и здоровье людей, станет ясно, что от опасного проекта следует отказаться, что единственное взаимоприемлемое для заказчика и общественности решение, способное предотвратить неблагоприятное воздействия на окружающую среду — отказ от деятельности по сооружению АЭС».

Знайсці поўны тэкст «Крытычных заўваг да АУНА» можна на сайце greenbelarus.info

Дарэчы, уся гэтая валтузня з АУНА АЭС адбываецца на грунтоўнай заканадаўчай базе. Існуюць інструкцыя Мінпрыроды пра парадак ацэнкі ўздзеяння на навакольнае асяроддзе і адмысловае «Положение о порядке обсуждения вопросов в области использования атомной энергии с участием общественных объединений, иных организаций и граждан». Згодна з гэтым палажэннем, «абмеркаванне пытанняў у вобласці выкарыстання атамнай энэргіі с удзелам грамадскасці ажыццяўляецца шляхам правядзення:

  • сходаў органаў тэрытарыяльнага грамадскага самакіравання;
  • сходаў грамадскіх аб’яднанняў, іншых арганізацый;
  • сходаў (канферэнцый) працоўных калектываў;
  • іншых мерапрыемстваў».

Так што, шаноўныя сябры, збірайцеся на працоўным месцы або ў студэнцкім саюзе, у сям’і ці ў лазні, абмяркоўвайце ацэнку ўздзеяння АЭС на навакольнае асяроддзе, крытыку на яе. Калі хтосьці адзінок(і/ая) і ёй (яму) няма з кім сабрацца, то можна і самастойна падумаць і прыйсці да нейкіх высноваў. І не саромцеся, напішыце Дырэкцыі будаўніцтва атамнай электрастанцыі заказны ліст з пратаколам вашага паседжання або проста за вашымі подпісамі наконт таго, што вы думаеце пра іхныя задумы. Вось адрас Дырэкцыя будаўніцтва беларускай атамнай электрастанцы

ДУ «Дырэкцыя будаўніцтва атамнай электрастанцыі»
Міністэрства энэргетыкі
220029, г. Мінск, вул. Чычэрына, 19

На працягу месяца вам павінны даслаць адказ, так што не забудзьцеся ўказаць свой зваротны адрас.

Калі Астравец для вас занадта далёка, то напішыце, што вы хочаце, каб слуханні прайшлі і ў вашым горадзе. 9-міліярдны крэдыт (а гэта $9.000.000.000) нам выплочваць усёй краінай давядзецца, а калі на АЭС бухне, то радыёнукліды далятуць да любога кутка Беларусі, так што справа тычыцца ўсёй краіны і слуханні павінны прайсці паўсюль, дзе публіка пажадае, як на мясцовым, так і на рэспубліканскім узроўні. Прыходзьце на слуханні, і апошняе слова будзе не за Андрэем Арэонавічам і Якавам Імануілавічам, а за вамі.


Добавить статью в закладки

Comments are closed.