Каляндар атамнай эры - 29 верасня
52 гады таму здарылася адна з самых страшных ядзерных катастроф. 29 верасня 1957 года на тэрыторыі ваеннага комплекса “Маяк” у Чалябінскай вобласці адбыўся выбух ёмістасці з высокаактыўнымі адкідамі. Афіцыйнае найменне здарэння - Кіштымская аварыя (Кіштым - бліжэйшы да месца выбуху незасакрэчаны горад). Паўднёва-Уральскі радыёактыўны след шырынёй 30-50 кіламетраў працягнуўся на 300 кіламетраў. Апраменьванню былі падвергнутыя 272.000 чалавек у 217 населеных пунктах.
Некаторыя вёскі былі адселеныя, але многіх людзей пакінулі жыць на забруджаных землях. На іх вырашылі паставіць эксперымент па выжыванню ва ўмовах хранічнага апраменьвання малымі дозамі радыяцыі. У Татарскай Караболцы і Мусакаеве (адных з найбольш забруджаных у выніку катастрофы і не адселеных вёсак) удзельная колькасць ракавых захворванняў у 5 разоў вышэй за агульнарасійскія паказчыкі.

Фотавыставка "Катастрофа длиной в полвека" групы "Экозащита!"
На камбінаце “Маяк” за дзесяцігоддзі дзейнасці (першы рэактар па напрацоўцы збройнага плутонія выведзены на праектную магутнасць у 1948 г.) здарыліся сотні аварый, у тым ліку тры буйных. Камбінат штодня ў звычайным рэжыме злівае ў адкрытыя вадаёмы радыёактыўныя адкіды і выкідае радыёнукліды ў паветра. Рака Цеча, куды ў выніку паступаюць вадкія адкіды, сумнавядомая на ўвесь свет. Але ў ёй купаюцца, пояць быдла, на яе берагох адпачываюць жыхары Муслюмава, Бродакалмака ды іншых сёлаў. Не ад добрага жыцця - іншых крыніцаў вады няма. Нядзіва, што здаровых людзей у гэтых паселішчах няма, а вясковыя могілкі растуць з уражвальнай хуткасцю.
Гісторыя “Маяку” - гэта гісторыя прадпрыемства ваеннай індустрыі, якое за кароткі час стварыла столькі праблемаў, што не разабрацца многім пакаленням. А з 70-х гадоў на камбінаце яшчэ дзейнічае і грамадзянскі завод па перапрацоўцы адпрацаванага ядзернага паліва (АЯП). У пагоні за хуткімі грашыма расійскія атамшчыкі гатовыя прымаць адпрацаванае паліва з любых краінаў свету. Напрыклад, вугорскае АЯП перапрацоўваюць па 660-750 даляраў за кіло. А тое, што нейкія татары ў Муслюмаве мруць - гэта дробязі.
Падрыхтавана на падставе матэрыялаў экалагісцкіх арганізацый, у прыватнасці дакладу Грынпіс Расіі “Маяк - трагедия длиною в 50 лет”.
Фотавыстава “Катастрофа длиной в полвека” групы “Экозащита!“.



