Каляндар атамнай эры – 25 жніўня
25 жніўня 1984 года пасажыры аўтамабільнага парома Olau Britannia былі перапалоханыя сутыкненнем з грузавым суднам Mont Louis. Яшчэ больш яны перапалохаліся, калі даведаліся, які груз везла тое судна. На борце Мон Луі было 30 кантэйнераў з гексафтарыдам урана, кожны вагой у паўтары тоны. Мон Луі патануў, і выратавальныя службы ў кепскае надвор’е пачалі выцягваць небяспечны груз са дна мора. Адбывалася ўсё гэта ў 20 км ад бельгійскага ўзбярэжжа. Невялікая глыбіня палегчыла аперацыю. Затое мясцовае насельніцтва стаяла на вушах. Людзі ўпершыню ў жыцці даведаліся, што непадалёк ад іх дамоў праплываюць ядзерныя грузы. Немалым быў і шок ад таго, што груз ішоў з Францыі (Гаўр) ў СССР (Рыга). У часы халоднай вайны супрацоўніцтва заходніх дзяржаў з СССР у ядзернай галіне не дужа афішавалася, але мела месца.
У выніку ўсе кантэйнеры са змесцівам былі знойдзеныя (некаторыя – на бліжэйшых пляжах). Не далічыліся пяці пустых кантэйнераў з-пад гексафтарыду урана. Замеры не паказалі падвышанага ўзроўню радыёактыўнасці ў моры і ў паветры, але адзін ці два кантэйнеры былі пашкоджаныя – з іх была ўцечка. Гексафтарыд урана (UF6) – не проста радыёактыўнае рэчыва, яно яшчэ і вельмі таксічнае. Ён – рэч падвоенага прызначэння, можа быць выкарыстаны для вырабу бомбаў ці паліва для АЭС. Пры кантакце UF6 з паветрам утвараецца плавікавая кіслата, якая таксама вельмі небяспечная для чалавека.
Гэтае здарэнне скончылася адносна спакойна. Але зусім відавочна – у гісторыі былі іншыя марскія аварыі з выкідам радыёактыўных рэчываў, толькі большасць з іх была замоўчана. Са значным спазненнем стала вядома пра ліхтэр “Нікель” з радыёактыўнымі адкідамі на борце, які ў 1978 годзе патануў з-за шторму ў Барэнцавым моры ў 20 мілях ад вострава Калгуеў. Сумарная актыўнасць матэрыялаў, якія перавозіў ліхтэр, была роўная 40 кюры ў стронцыевым эквіваленце. Спробы ўзняць ліхтэр ці груз на паверхню ніколі не прадпрымаліся.
Перавозкі радыёактыўных матэрыялаў морам адбываюцца пастаянна, і на вельмі значныя адлегласці – да дзесяткаў тысячаў кіламетраў. Дробныя здарэнні адбываюцца пастаянна, і вялікая аварыя – толькі справа часу.


