Издание книги Ярылы Пшаничнага «Атамная лучына»

На пляцоўцы talaka.by пачаўся збор грошай на другую кнігу нашага аўтара Ярылы Пшанічнага «Атамная лучына«.

«Атамная лучына» – другая, пасмяротная кніга Ярылы Пшанічнага. Яна нашмат аб’ёмнейшая за першую, аздобленая графічнымі працамі аўтара і фотаздымкамі. Назву кнізе дала аднайменная паэма, над якой Ярыла Пшанічны працаваў на працягу 2010 – 2011 гг. Гэта сатырычны водгук паэта на экалагічныя праблемы сучаснасці, стылізаваная пад фальклор і фантастыку гісторыя пра тое, як “Янка марыў стаць атамшчыкам. Яго абразіў Нячысьцік Д’ябла, каб скрасці вялікі беларускі сакрэт, накіраваў у будучыню і ажаніў”. Іранізуючы і з галоўнага героя, і з неверагодных сітуацый, у якія ён трапляў, у эпілогу Ярыла Пшанічны паўстае найбольш удумлівым і сур’ёзным, а яго іронія набывае зусім “чорнае” адценне: “Спачатку народ / Крэміруем / А потым д’ябла/ Прэміруем”. Разглядаючы яшчэ папярэднюю кнігу Ярылы Пшанічнага, крытыкі зазначалі: “Так, блазенства і сур’ёзнасць, бяздумная радасць і горкі смутак – у жыцці зусім побач стаяць, і маюць уласцівасць вокамгненна трансфармавацца адно ў адно” (Міхась Южык, “Тэксты”, 2012, № 2).

Вокладка кнігі Ярылы Пшанічнага «Атамная лучына»

Акрамя паэмы, у кнігу ўвайшлі вершы Ярылы Пшанічнага, якія пісаліся з 2000 па 2015 год і ў папярэдні зборнік не ўвайшлі. Яны таксама збольшага працягваюць сатырычна-іранічны кірунак, зададзены ў першай кнізе. Паэт, верны свайму анархісцкаму амплуа, працягвае сцябаць і беларусаў і замежнікаў, і ўладу і апазіцыю, і гопнікаў і інтэлігенцыю, і сябе асабіста, і, па вялікім рахунку, саму паэзію – калі, парадзіруючы заштампаванасць прыёмаў мастацкай вобразнасці, аўтар звяртаецца да трэш-эстэтыкі кшталту “Сонца градусам калоціць / Кулаком па галаве”. І магчыма, па вершах Ярылы Пшанічнага калі-небудзь будуць вывучаць нашую гісторыю – як па гэткім займальным навучальным дапаможніку…

Уклаў кнігу паэт і літаратуразнавец Віктар Жыбуль, а выдаць яе збіраецца выдавецтва “Галіяфы”.

Кніга будзе выдадзена аб’ёмам больш за 360 старонак на крэйдаванай паперы, у цвёрдай вокладцы, з вялікай колькасцю ілюстрацый, фотаздымкаў з перформансаў і літаратурных выступаў.
Меркаваны наклад – 300 асобнікаў.

Спасылка, каб падтрымаць праект.


Добавить статью в закладки

No comments yet

Leave a Reply





XHTML: You can use these tags: <a href="" title=""> <abbr title=""> <acronym title=""> <b> <blockquote cite=""> <cite> <code> <del datetime=""> <em> <i> <q cite=""> <s> <strike> <strong>