Каляндар атамнай эры — 28 чэрвеня

У гэты дзень у 2007 годзе адразу на дзвюх нямецкіх атамных электроўнях здарыліся надзвычайныя сітуацыі. Спачатку на АЭС Брунсбютэль (Brunsbuuttel) здарылася кароткаезамыканне. Аўтаматыка адключыла рэактар, і ў выніку частка Гамбургу засталася на некалькі гадзін без электрычнасці. А пасля на АЭС Крумель (Kruummel) здарыўся пажар на трансфарматары. Ізноў аўтаматыка адключыла рэактар. Пажар доўжыўся каля дзвюх гадзін.

Абедзьве АЭС дагэтуль адключаныя ад сеткі і рамантуюцца. Многія ў Нямеччыне, у тым ліку і федэральны міністр экалогіі Зігмар Габрыэль, патрабавалі і патрабуюць неадкладна і назаўжды спыніць гэтыя АЭС.

Крумель быў адной з першых заходненямецкіх АЭС, каля якой заўважылі рэзкі рост захворвання дзетак на лейкемію. У пяцікіламетровай акрузе АЭС Крумель з 1989 прынамсі 19 дзетак захварэлі на лейкемію. Гэта найбольшая ў свеце лічба для такой малой тэрыторыі.

Яшчэ Крумель знакаміты колькасцю здарэнняў. З моманта ўвода станцыі ў эксплуатацыю ў 1984 годзе адбылося больш за 300 здарэнняў, абавязковых для паведамлення ў адпаведныя інстанцыі. Сістэма бяспекі станцыі састарэла і не адпавядае сучасным патрабаванням.

Крумель, як і Брунсбютэль, належаць кампаніі Vattenfall. Культура бяспекі на АЭС гэтай кампаніі стала прадметам асобнага дакладу Грынпіс. Толькі за няпоўныя шэсць год (са снежня 2001 па чэрвень 2007) на чатырох АЭС Vattenfall у Нямеччыне і Швецыі здарылася больш за 15 сур’ёзных інцыдэнтаў.

Абедзьве АЭС знаходзяцца ў федэральнай зямлі Шлезвіг-Гальштэйн, непадалёку ад другога па велічыні горада краіны Гамбурга (Крумель наогул у прыгарадзе — 30 км). Нядзіва, што жыхары мегаполіса выступаюць супраць планаў электрычных карпарацый ізноў запусціць АЭС (глядзі www.ausgestrahlt.de). Дарэчы, 26 красавіка 2009 году падчас дэманстрацыі каля Крумеля прайшла прамая сувязь з Менскам.

Беларускія таварышы распавялі нямецкім пра вынікі Чарнобыльскага шляху ды іншых юбілейных урачыстасцяў, а нямецкія беларускім — пра свае поспехі ў закрыцці старых АЭС і недапушчэнні будаўніцтва новых.


Добавить статью в закладки

Comments are closed.