Даеш добры стул!

Акадэмік П. Я. Ізатопавіч: “Астравецкая АЭС можа і павінна функцыянаваць толькі на айчынных энерганосьбітах”. Назюзюкаўся? Прачысці страўнік адпаведна схеме! Зрабі ўклад у перамогу энергетычнай бяспекі!
Энергетычная бяспека прынята як адзін са стратэгічных накірункаў сацыяльна-эканамічнага развіцця дзяржавы, што агучана ў тэксце прэзідэнцкай Дырэктывы №3. Для Беларусі з’яўляецца востра неабходным забеспячэнне рацыянальнай структуры паліўна-энергетычнага балансу, у тым ліку за кошт павелічэння выкарыстання мясцовых відаў паліва.

Назюзюкаўся? Прачысці страўнік адпаведна схеме! Зрабі ўклад у перамогу энергетычнай бяспекі!

Назюзюкаўся? Прачысці страўнік адпаведна схеме! Зрабі ўклад у перамогу энергетычнай бяспекі!

Ці адпавядае генеральнай лініі ўвод у строй Астравецкай АЭС? Ворагамі мірнага атама часта ўзгадваецца адсутнасць у нашай краіне радовішчаў урану, сусветныя запасы якога могуць быць вычарпаныя яшчэ да 2030 года. Аднак, па меркаванню айчынных навукоўцаў, гэта акалічнасць не паставіць рэспубліку ў залежнасць ад дэфіцытных замежных энерганосьбітаў. Паводле слоў акадэміка П.Я. Ізатопавіча, галоўны паліўна-энергетычны рэсурс Беларусі – гэта яе людзі, прычым у самым літаральным сэнсе слова. Дзякуючы велізарнаму чалавечаму патэнцыялу нашай краіны, Астравецкая АЭС зможа ўвогуле адмовіцца ад выкарыстання імпартнага паліва.

Як усё геніяльнае, ідэя айчынных навукоўцаў простая. У адрозненне ад замежных аналагаў Першая Беларуская АЭС можа працаваць па цалкам замкненым цыкле, калі ў вытворчасць энергіі вяртаюцца не толькі радыёактыўныя адкіды, але і людзі, якія ёй карыстаюцца. Як вядома, у выніку захопа нейтрона і бэта?-распада, уран можа ператварацца ў плутоній-239, які потым выкарыстоўваецца як ядзернае паліва.

Але менавіта плутоній-239, а таксама не меньш каштоўныя цэзій-127 і стронцый-90, багата назапашаны ў костах, лёгкіх, нырках і іншых органах соцень тысяч беларусаў, пацярпелых ад аварыі на Чарнобыльскай АЭС. Трапляючы ў арганізм чалавека, гэтыя элементы распадаюцца і пры гэтым выпраменьваюць энергію.

Як дагэтуль выкарыстоўваліся радыёізатопы, мы ўсе выдатна ведаем. З падачы псеўдавучоных, чаго толькі не рабілася, каб “вывесці” радыёнукліды з арганізму беларусаў. Людзей эвакуіравалі суцэльнымі вёскамі, пічкалі рознымі адсарбентамі і безкантрольна везлі за мяжу “на аздараўленне”. Колькі гатовых прадуктаў распаду ўрана знікла за тыя гады ў клазетах Германіі, Бельгіі і Ірландыі, можна толькі здагадвацца. Але сёння, калі краіна ўсур’ёз узялася за вырашэнне праблемы энергетычнай незалежнасці, безгаспадарчым адносінам да энергарэсурсаў нарэшце будзе пакладзены канец.

Паводле праекта вучоных НАН, які можа хутка быць на столе Прэзідэнта, побач з Астравецкай АЭС будзе пубудаваны сучасны санаторый, каналізацыйная сетка якога будзе наўпрост спалучана з ядзерным рэактарам. Жыхароў чарнобыльскіх раёнаў будуць круглы год вахтавым метадам прывозіць у санаторый, дзе ім будуць даваць адсарбенты, а ўсе выведзеныя ізатопы будуць непасрэдна накіроўвацца на вытворчасць электрычнасці.

Вярнуўшыся дадому, грамадзяне змогуць зноў назапасіць неабходныя энерганосьбіты. З улікам таго, што перыяд паўраспаду некаторых радыёнуклідаў складае десяткі ці сотні, а ў выпадку плутонія нават тысячы гадоў, энергіі краіне хопіць вельмі надоўга.

У перспектыве для выпрацоўкі энергіі на АЭС могуць быць далучаны не толькі жыхары “забруджаных” раёнаў, але і ўсе беларусы, якіх будуць накіроўваць на абавязковую падзарадку ў Хойніцкі, Нараўлянскі, Столінскі і Брагінскі раёны. Сярод кіраўніцтва БРСМ позна ці рана мае узнікнуць ідэя праводзіць адмысловыя суботнікі ў 30-кіламетровай зоне з адпаведнай дыетай. Згадзіцеся, моладзь, якая вучыцца і атрымоўвае медыцынскія паслугі за кошт бюджэта, павінна аддаць доўг дзяржаве.

Пры гэтым нельга забываць, што энергазберажэнне — прыярытэтны накірунак дзяржаўнай палітыкі, важны накірунак у дзейнасці усіх без выключэння суб’ектаў гаспадарання. Неабходна выхоўваць у насельніцтва беражлівыя адносіны да энергарэсурсаў, каб задача энергазберажэння хвалявала не толькі вытворцу, але і кожнага грамадзяніна. З гэтай мэтай у Адміністрацыйны і Крымінальны кодэксы РБ патрэбна ўнесці неабходныя змяненні, якія замацуюць адказнасць грамадзян за несанкцыянаванае вывядзенне радыёнуклідаў з арганізму.


Добавить статью в закладки

Comments are closed.