Іван Ілліч Энэргія і справядлівасць (частка 10)

Заканчэнне публікацыі кнігі Івана Ілліча «Энэргія і справядлівасць».

 Недазабеспячэнне, звышразвіццё і сталая тэхналогія

Камбінацыя транспартацыі і перасоўвання, якая складае рух, дала нам прыклад аптымальнай для грамадства магутнасці на чалавека і патрэбы палітычна выбраных межаў для яе. Рух ёсць таксама мадэллю збега мэтаў сусветнага развіцця і крытэрам, па якім можна адрозніць выразна недазабяспечаныя краіны ад дэструктыўна звышіндустрыялізаваных.

Краіна можа быць ахарактарызавана як недазабяспечаная, калі яна не можа забяспечыць кожнага грамадзяніна роварам ці прадаставіць пяціхуткасную трансмісію кожнаму, хто хоча вазіць іншых на велатаксі. Яна недазабяспечаная, калі не можа даць добрыя дарогі для ровара ці бясплатны грамадскі матарызаваны транспарт для тых, хто хоча падарожнічаць больш, чым некалькі гадзін запар. У 1975 годзе нідзе ў свеце няма ніякіх тэхнічных, эканамічных ці экалагічных перашкод дзеля гэтага. Было б скандалам, каб прыродная мабільнасць народа была прымушаная застойвацца на да-роварным узроўні супраць яго волі.

Краіна можа быць ахарактарызаваная як звышіндустрыялізаваная, калі ў яе сацыяльным жыцці дамінуе транспартная індустрыя, якая стала вызначаць класавыя прывілегіі, ускладняць праблему нястачы часу і ўсё больш шчыльна прывязваць людзей да трасаў, пракладзеных дзеля іх.

Па-за недазабеспячэннем і звышіндустрыялізацыяй існуе месца для свету постіндустрыйнай эфектыўнасці, у якім індустрыйны спосаб вытворчасці дапаўняе іншыя аўтаномныя формы вытворчасці. Іншымі словамі, ёсць месца для света тэхналагічнай сталасці. На прыкладзе руху – гэта свет тых, хто патроіў прасцяг свайго штодзённага далягляду праз сяданне на ровары. У той самы час гэта свет, пазначаны разнастайнасцю дапаможных рухавікоў, даступных на выпадак, калі ровара не хапае і калі дадатковы штуршок не будзе абмяжоўваць ані справядлівасць, ані свабоду. І гэта таксама свет доўгага ваяжу – свет, у якім кожнае месца даступна кожнай асобе, на яе ўласнай хуткасці і дзеля ўласнага задавальнення, без паспешлівасці ці страху, з дапамогай транспартных сродкаў, што пераадольваюць адлегласці без разрыву з зямлёй, па якой чалавек сотні тысячаў гадоў хадзіў сваімі ўласнымі нагамі.

Недазабеспячэнне пакідае людзей рабамі першабытнай прыроды і абмяжоўвае іх свабоду. Звышіндустрыялізацыя не прызнае адрозненняў у вытворчасці і палітычным стылі. Яна навязвае свае тэхнічныя характарыстыкі грамадскім стасункам. Свет тэхналагічнай сталасці дазваляе розныя палітычныя выбары і культуры. Безумоўна, разнастайнасць змяншаецца, калі супольнасць дазваляе індустрыі расці за кошт аўтаномнай прадукцыі. Думанне само па сабе не можа даць дакладную мерку для ўзроўню постіндустрыйнай эфектыўнасці і тэхналагічнай сталасці, прыймальных для канкрэтнага грамадства. Яно можа толькі пазначыць у прасторавых тэрмінах прамежак, у які мусяць укладвацца гэтыя тэхналагічныя характарыстыкі. Трэба даць гістарычнай супольнасці, уключанай у свой уласны палітычны працэс, вырашыць, калі праграмаванне, скрыўленне прасторы, нястача часу і няроўнасць перастаюць быць таго вартымі. Думанне можа распазнаць хуткасць як крытычны чыннік у руху. Яно не можа вызначыць палітычна здзяйсняльныя абмежаванні.

Максімальныя хуткасці змогуць увайсці ў сілу толькі тады, калі яны будуць адлюстроўваць прасвечаныя ўласны інтарэс палітычнай супольнасці. Гэты інтарэс не можа быць выказаны ў грамадстве, дзе адзін клас манапалізуе не толькі транспарт, але і камунікацыі, медыцыну, адукацыю і зброю. Не мае значэнне, ці гэтая ўлада ўтрымліваецца легальнымі ўласнікамі, ці замацаванымі кіраўнікамі індустрыі, якой афіцыйна валодаюць рабочыя. Гэтая ўлада мусіць быць вернутая звычайнаму чалавеку, каб ён сказаў сваё грунтоўнае слова. Адваёва ўлады пачынаецца з вызнання, што экспертныя веды робяць няшчырага бюракрата сляпым да відавочнага спосабу развязаць энэргетычны крызіс, як раней яны рабілі яго сляпым да відавочнага развязання вайны ў Віетнаме.

Ёсць два шляхі адтуль, дзе мы ёсць, да тэхналагічнай сталасці: адзін – шлях вызвалення ад празмернай колькасці, іншы – шлях вызвалення ад залежнасці. Абодва шляхі маюць агульны пункт прызначэння: сацыяльнае рэструктураванне прасторы, якое прапаноўвае кожнай асобе пастаянна абнаўляемы вопыт, што цэнтр свету – там, дзе яна стаіць, ходзіць і жыве.

"Адасобленасць дастатку разбураецца, паколькі выспы руху паступова растуць і людзі пачынаюць вяртаць сабе прыроджаную здольнасць хадзіць па месцы, у якім яны жывуць. Такім чынам, спустошанае асяроддзе выспы руху можа ўвасобіць пачаткі адбудовы грамадства, і людзі, якія зараз называюць сябе багатымі, вырвуцца з няволі звышпрадукцыйнага транспарта". На здымку - від на Таймс Сквэр пасля ператварэння ўчастку Брадвэя ад 42-й да 47-й вуліцы ў пешаходную зону, 2009 год. Крыніца - Дэпартамент транспарту горада Нью-Ёрк (http://www.nyc.gov/html/dot/html/about/broadway.shtml).

Вызваленне ад празмернай колькасці пачынаецца на выспах руху, дзе багатыя натыкаюцца адно на аднаго. Падчас такога матляння ад адной выспы да наступнай гэтыя забяспечаныя хуткасцю пазбаўленыя адной рэчы: а менавіта, не маюць магчымасці сустрэцца з такімі самымі падарожнымі, у якіх свой маршрут. Адасобленасць дастатку разбураецца, паколькі выспы руху паступова растуць і людзі пачынаюць вяртаць сабе прыроджаную здольнасць хадзіць па месцы, у якім яны жывуць. Такім чынам, спустошанае асяроддзе выспы руху можа ўвасобіць пачаткі адбудовы грамадства, і людзі, якія зараз называюць сябе багатымі, вырвуцца з няволі звышпрадукцыйнага транспарта. У той дзень яны прызнаюць каштоўнасць гарызонту сваіх выспаў руху, якія вырастуць да найбольшых магчымых памераў, і стануць пазбягаць частых ад’ездаў са сваіх дамоў.

Вызваленне ад залежнасці пачынаецца з іншага канца. Яно разбівае канструкцыю вёскі і даліны і пакідае ззаду нуду вузкіх гарызонтаў і задушлівы прыгнёт свету, замкнёнага на самім сабе. Любая бедная краіна можа дасягнуць за некалькі год мэты пашырыць жыццё за межы традыцыі без разгону яго вятрамі паскарэння. Але гэтая мэта будзе дасягнута толькі тымі, хто адмаўляе прапанову некантраляванага індустрыйнага развіцця, якое робіцца ў імя ідэалогіі неабмежаванага спажывання энэргіі.

Вызваленне ад радыкальнай манаполіі індустрыі магчымае толькі там, дзе людзі ўключаюцца ў палітычны працэс, заснаваны на абароне аптымальнага руху. Такая абарона, у сваю чаргу, патрабуе прызнання той колькасці энэргіі, вакол адмаўлення якой збудавана індустрыйнае грамадства. Гэтая колькасць энэргіі можа перанесці тых, хто спажывае столькі, але не больш, у постіндустрыйную эпоху тэхналагічнай сталасці.

Вызваленне, якое стане танным для бедных, будзе дорага каштаваць багатым. Але яны заплацяць па цэнніку, калі паскарэнне іх транспартных сістэм раскруціць рух да поўнага спынення. Канкрэтны аналіз руху выяўляе праўдзівы фундамент энэргетычнага крызісу: ўплыў індустрыйна ўпакаванай колькасці энэргіі на сацыяльнае асяроддзе вядзе да дэградацыі, спусташэння ды заняволення, і гэтыя эфекты праяўляюцца раней за тыя, што пагражаюць забруджаннем навакольнага асяроддзя і выміраннем чалавецтва. Аднак крытычны пункт, у якім гэтыя эфекты могуць быць развернутыя, з’яўляецца не прадметам падлікаў, але прадметам рашэння.


Добавить статью в закладки

Comments are closed.