Іван Ілліч. Энэргія і справядлівасць (частка 9)

 Дамінуючыя рухавікі супраць дапаможных

Людзі нараджаюцца амаль у роўнай ступені мабільнымі. Іх прыродная здольнасць абараняе асабістую свабоду кожнага ісці, куды ён ці яна хоча ісці. Людзі грамадства, заснаванага на паняцці аб справядлівасці, будуць патрабаваць абароны гэтага права ад любых абмежаванняў. Для іх неістотна, якімі сродкамі адмаўляецца асабістая мабільнасць – ці то праз турэмнае зняволенне, прыпіску да маёнтку, адабранне пашпарта ці заключэнне ў асяроддзе, якое пасягае на прыродную здольнасць чалавека рухацца, каб зрабіць яго спажыўцом транспарту. Гэтае неадчуджальнае права на вольны рух занепадае не проста таму, што большасць нашых сучаснікаў прышпілілі сябе ідэалагічнымі рамнямі бяспекі. Чалавечая прыродная здольнасць да перасоўвання з’яўляецца адзінай мерай, якой магчыма ацаніць унёсак транспарту ў рух: транспарту не будзе болей, чым рух можа вытрымаць. Нам трэба вылучыць крытэрыі адрознення тых формаў транспарту, якія нявечаць здольнасць рухацца, ад тых, якія гэтую здольнасць паляпшаюць.

Транспартацыя можа абмяжоўваць рух у два спосабы: праз разбіццё яго плыняў, калі ствараюцца ізаляваныя наборы месцаў прызначэння, і праз павелічэнне стратаў часу з-за руху. Я ўжо даводзіў, што ключом да стасункаў паміж транспартам і рухам ёсць хуткасць транспартных сродкаў. Я апісаў, як па-за пэўным парогам хуткасці транспарт заступае дарогу руху трыма шляхамі. Ён блакуе мабільнасць праз загрувашчанне асяроддзя транспартнымі сродкамі і дарогамі. Ён ператварае геаграфію ў піраміду колаў, адмежаваных адно ад аднаго згодна з узроўнямі паскарэння. Ён адбірае час жыцця на загад хуткасці.

"Транспарт блакуе мабільнасць праз загрувашчанне асяроддзя транспартнымі сродкамі і дарогамі". На здымку - аўтадарога над ракой у цэнтры Сеула (Карэя). Паспрабуйце такую перайсці.

Хаця па-за пэўным парогам транспарт замінае хуткасці, матарызаваныя транспартныя сродкі могуць дапаўняць ці паляпшаць рух, дазваляючы людзям рабіць тое, што немагчыма на нагах ці на ровары. Рухавікі могуць выкарыстоўвацца для перавозкі хворых, знявечаных, старых і проста лайдакоў. Матарызаваныя лябёдкі могуць уздымаць людзей на пагоркі, але яны могуць рабіць гэта мірна, толькі калі не саштурхоўваюць пешахода са сцежкі. Цягнікі могуць пашыраць дыяпазон падарожжаў, але толькі калі яны даюць людзям роўныя магчымасці набліжацца адно да аднаго. Добра развітая транспартная сістэма з максімальнымі хуткасцямі 25 міль у гадзіну дазволіла б Фіксу ганяцца за Філеасам Фогам вакол света меней чым за палову ад 80 дзён. Час, уключаны ў падарожжа, мусіць быць, наколькі гэта магчыма, уласным часам падарожніка: толькі пры ўмове абмежавання матарызаванага транспарту хуткасцямі, якія пакідаюць яго дапаможным у дачыненні да аўтаномнага руху, можа развіцца аптымальная для руху транспартная сістэма.

Пасля вызвалення ракі ад асфальту тэмпература ў прылеглых кварталах знізілася на 2 градусы Цэльсія, а колішні загазаваны транспартны калідор ператварыўся ва ўлюбёнае месца прагулак. Разборка дарогі прывяла да зніжэння інтэнсіўнасці руху - заторы не ўтвараюцца (фота ды інфармацыя часопіса Sustainable Transport: http://www.itdp.org/documents/ST22_Winter2010.pdf).

Абмежаванне магутнасці рухавікоў, і праз тое – хуткасці, само па сабе не абараняе слабейшых ад эксплуатацыі з боку багатых і магутных, якія ўсё адно могуць вынайсці сродкі жыць і працаваць па лепей размешчаных адрасах, падарожнічаць са світай у раскошных экіпажах і зарэзерваваць асобную паласу для дактароў і сябраў цэнтральнага камітэта. Але пры дастаткова абмежаванай максімальнай хуткасці гэтая несправядлівасць можа быць зменшаная ці нават скарэктаваная праз камбінацыю падаткаў і тэхналагічных прыладаў. Пры неабмежаванай максімальнай хуткасці ані грамадская ўласнасць транспартных сродкаў, ані тэхнічныя паляпшэнні іх кантролю ніколі не здолеюць зліквідаваць рост эксплуатацыі і няроўнасці. Транспартная індустрыя – ключ да аптымальнай вытворчасці руху, але толькі калі яна не карыстаецца радыкальнай манаполіяй над асабістай прадукцыйнасцю.

 


Добавить статью в закладки

Comments are closed.