Іван Ілліч Энэргія і справядлівасць (частка 8)

 Ступені саматужнай мабільнасці

Стагоддзе назад быў вынайдзены шарыкападшыпнік. Ён знізіў каэфіцыент трэння ў тысячу разоў. Праз дастасаванне добра падабранага падшыпніка паміж двух неалітычных млынавых камянёў чалавек мог змалоць за дзень столькі, колькі ягоныя продкі малолі за тыдзень. Падшыпнік таксама зрабіў магчымым ровар, бо дазволіў колу – напэўна, апошняму з вялікіх вынаходніцтваў неаліта – нарэшце стаць карысным для мабільнасці, што сілкуецца ўласнай сілай [чалавека].

Чалавек і без дапамогі аніякіх прыладаў перасоўваецца дастаткова спраўна. Ён пераносіць адзін грам уласнай вагі на [адлегласць у] кіламетр за дзесяць хвілін і затрачвае [на тое] 0,75 калорыі. Чалавек на ўласных нагах тэрмадынамічна больш эфектыўны за любы матарызаваны транспартны сродак і большасць жывёлаў. Для сваёй вагі ён выконвае больш работы ў руху, чым пацукі ці валы, і меней, чым коні ці асятры. Пры такім паказчыку прадукцыйнасці чалавек засяляў свет і рабіў сваю гісторыю. Пры такой прадукцыйнасці сялянскія грамадствы праводзяць меней за пяць адсоткаў і намады меней за восем адсоткаў сваіх адпаведных грамадскіх бюджэтаў часу па-за домам ці лагерам.

Чалавек на ровары можа ехаць у тры ці чатыры разы хутчэй за пешахода, але выкарыстоўвае ў пяць разоў меней энэргіі ў працэсе. Ён перавозіць адзін грам сваёй вагі на кіламетр роўнай дарогі за кошт толькі 0,15 калорыі. Ровар – дасканалы пераўтваральнік метабалічнай энэргіі чалавека ў рух. Аснаджаны гэтай прыладай, чалавек пераўзыходзіць эфектыўнасць не толькі ўсіх машын, але і ўсіх іншых жывёлаў.

"Ровар – дасканалы пераўтваральнік метабалічнай энэргіі чалавека ў рух". Малюнак Эндзі Сінгера (http://www.andysinger.com/).

Вынаходніцтва падшыпніка, кола з нахіленымі спіцамі і пнеўматычнай шыны разам узятыя могуць быць параўнаныя толькі з трыма іншымі падзеямі ў гісторыі транспартацыі. Вынаходніцтва кола на досвітку цывілізацыі зняла груз са спіны чалавека і паклала яго на тачку. Вынаходніцтва і адначаснае прымяненне, на працягу еўрапейскага сярэднявечча, стрэмені, хамута і падковы павялічыла тэрмадынамічную эфектыўнасць каня ў пяць разоў і змяніла эканоміку сярэднявечнай Еўропы: яно зрабіла магчымым частае ўзорванне і такім чынам прывяло да шматпольнага земляробства; яно зрабіла больш аддаленыя палі дасягальнымі для селяніна і такім чынам дазволіла ўласнікам зямлі перайсці ад шасці-сямейных вёсачак да вёсак у сто сем’яў, дзе яны маглі жыць вакол царквы, плошчы, турмы і – пазней – школы; яно дазволіла культывацыю паўночных глебаў і перамясціла цэнтр улады ў халодныя кліматы. Будаўніцтва першых акіянскіх караблёў партугальцамі ў пятнаццатым стагоддзі, пад эгідай развіцця еўрапейскага капіталізму, паклала грунтоўныя падмуркі для глабальных культуры і рынку.

Вынаходніцтва падшыпніку сігналізавала чацвертую рэвалюцыю. Яно стварыла выбар паміж большай свабодай у роўнасці і большай хуткасцю. Падшыпнік – аднолькава падставовы складнік двух новых тыпаў перамяшчэння, сімбалізаваных адпаведна роварам і аўтамабілем. Ровар узняў аўтамабільнасць чалавека на новы ўзровень, па-над якім прагрэс тэарэтычна немагчымы. Па кантрасце, індывідуальная капсула, што паскараецца, дазволіла грамадствам уключыцца ў рытуал прагрэсіўна паралізуючай хуткасці.

Манаполія рытуальнага прымянення над патэнцыйна карыснай прыладай не ёсць нечым новым. Тысячы гадоў назад кола зняла груз з насільшчыка-раба, але гэта адбылося толькі ў Еўразіі. У Мексіцы кола было добра вядомае, але ніколі не прымянялася да транспарту. Яно служыла выключна дзеля стварэння павозак для цацак-багоў. Табу на тачкі ў Амерыцы да Картэса бянтэжыць не болей, чым табу на ровары ў сучасным дарожным руху.

Няма ніякай неабходнасці ў тым, каб вынаходніцтва падшыпніка працягвала служыць павелічэнню выкарыстання энэргіі, і праз тое прадукавала недахоп часу, спажыванне прасторы і класавыя прывілегіі. Калі б новы ўзровень саматужнай мабільнасці, прапанаванай роварам, быў абаронены ад дэвальвацыі, паралюша і рызыкі для канечнасцяў раварыста, было б магчыма гарантаваць аптымальна размеркаваную мабільнасць усім людзям і пакласці канец навязванню найбольшай прывілеяванасці і эксплуатацыі. Было б магчыма кантраляваць формы урбанізацыі, калі б арганізацыя прасторы стрымлівалася высілкамі, якія чалавеку трэба прыкласці дзеля перамяшчэння праз яе.

Ровары не толькі тэрмадынамічна прадукцыйныя, яны таксама танныя. Са сваім нашмат ніжэйшым заробкам кітаец набывае свой трывалы ровар за невялікую долю тых працоўных гадзін, якія амерыканец прысвячае пакупцы свайго састарэлага аўтамабіля. Інфраструктурныя кошты, неабходных дзеля стварэння магчымасці роварнага руху, у параўнанні з цэнамі на інфраструктуру, прывязаную да высокіх хуткасцяў, у прапорцыі нават ніжэй за розніцу ў цэнах транспартных сродкаў, што выкарыстоўваюцца ў дзвюх сістэмах. У роварнай сістэме зінжыніраваныя дарогі неабходныя толькі ў пэўных пунктах шчыльнага руху, і людзі, якія жывуць далёка ад дарогі з пакрыццём, не ізалююцца аўтаматычна, як гэта было б у выпадку залежнасці ад аўтамабіляў ці цягнікоў. Ровар павялічыў радыюс [вандровак] чалавека без выштурхоўвання яго на дарогі, якія ён не можа прайсці. Там, дзе ён не можа ехаць на ровары, ён звычайна можа ровар штурхаць.

Ровар таксама займае мала прасторы. Васемнаццаць ровараў могуць быць запаркаваныя на месцы аднага аўтамабіля, трыццаць іх могуць рухацца ў адным напрамку на прасторы, якую праглынае адзін аўтамабіль. Каб перавезці праз мост 40.000 чалавек за адну гадзіну сучаснымі цягнікамі, трэба дзве паласы, аўтобусамі – чатыры паласы, аўтамабілямі – 12 палосаў, але патрэбная толькі адна паласа, каб людзі пераехалі мост на роварах. З усіх гэтых транспартных сродкаў толькі ровар насамрэч дазваляе людзям ехаць ад дзвераў да дзвераў без пешай хады. Раварыст можа дасягнуць новыя месцы прызначэння на ўласны выбар без таго, каб ягоная прылада стварыла новыя месцы, ад якіх ён адгароджаны.

Ровары дазваляюць людзям рухацца з большай хуткасцю, не адбіраючы пры гэтым значныя колькасці абмежаваных прасторы, энэргіі ці часу. Людзі могуць праводзіць меней хвілін за пераадоленнем кожнай мілі і пры тым праязжаць болей міль у год. Яны могуць атрымаць выгоды ад тэхналагічных прарываў без вылучэння неадпаведных прэтэнзій на расклады, энэргію ці прастору іншых. Яны могуць стаць гаспадарамі ўласных рухаў без блакавання рухаў сваіх супольнікаў. Іх новая прылада стварае толькі такія патрабаванні, якія яна ж можа задаволіць. Кожнае павелічэнне матарызаванай хуткасці стварае новыя патрабаванні да прасторы і часу. Выкарыстанне ровара само сябе абмяжоўвае. Яно дазваляе людзям стварыць новыя стасункі паміж прасторай іх жыццяў і часам іх жыццяў, паміж іх тэрыторыяй і пульсам іх быцця без руйнавання атрыманага ў спадчыну баланса. Перавагі сучаснага саматужнага руху відавочныя – ды ігнараваныя. Сцвярджаецца, што ў лепшым руху едуць хутчэй, але гэта ніколі не было даказана. Тыя, хто прапаноўвае паскарэнне, мусілі б паспрабаваць прад’явіць доказы сваіх сцверджанняў да таго, як папрасіць людзей заплаціць за паскарэнне.

Даўняе спаборніцтва паміж роварамі і рухавікамі нядаўна прыйшло да канца. У Віетнаме гіперіндустрыялізаванае войска спрабавала пакарыць, але не змагло пераадолець людзей, арганізаваных вакол хуткасці ровара. Урок мусіць быць відавочным. Высока-энэргетычныя арміі могуць анігіліраваць людзей – як тых, каго яны абараняюць, так і тых, супраць каго яны выпушчаныя, але яны прыносяць мала карысці людзям, якія абараняюць сябе. Мы яшчэ пабачым, ці прыменяць віетнамцы тое, чаму яны навучыліся падчас вайны, у эканоміцы міру, ці захочуць яны абараняць каштоўнасці, якія зрабілі іх перамогу магчымай. На жаль, больш верагодна, што пераможцы, у імя індустрыйнага прагрэсу і павелічэння спажывання энэргіі, схіляцца да руйнавання той структуры справядлівасці, рацыянальнасці і аўтаноміі, да якой амерыканскія бамбардзіроўшчыкі змусілі іх праз пазбаўленне іх ад паліва, матораў і дарог.


Добавить статью в закладки

Comments are closed.