Іван Ілліч. Энэргія і справядлівасць (частка 7)

 Няўлоўны парог

Аптымальная для руху хуткасць транспарту здаецца перакананаму пасажыру плёнам капрызу ці фанатызму, а для пагошчыка асла яна выглядае як палёт птушкі. Хуткасць, у чатыры ці шэсць разоў большая за хуткасць пешага чалавека, утварае парог занадта нізкі, каб здавацца звыкламу пасажыру вартым увагі, і занадта высокі, каб перадаць сэнс абмежавання тром чвэрцям чалавецтва, якія ўсё яшчэ рухаюцца дзякуючы сваёй уласнай сіле.

Усе тыя, хто плануе жытло, транспартацыю ці адукацыю іншых людзей, належаць да класу пасажыраў. Іх прэтэнзіі на ўладу паходзяць ад вартасці, якую іх наймальнікі надаюць паскарэнню. Сацыёлагі могуць стварыць кампутарную мадэль вулічнага руху ў Калькуце ці Сант’яга, а інжынеры могуць спраектаваць сеткі монарэек, згодна з абстрактнымі разуменнямі кірункаў руху. Паколькі гэтыя планавальнікі істава вераць у магчымасць развязваць праблемы праз індустрыю, сапраўднае развязанне [праблемы] затораў знаходзіцца па-за іх разуменнем. Іх вера ў эфектыўнасць энэргіі робіць іх сляпымі да непрапарцыйна большай эфектыўнасці ўстрымання ад яе выкарыстання. Інжынеры руху яшчэ мусяць звесці ў адной сімуляцыйнай мадэлі мабільнасць людзей з мабільнасцю транспартных сродкаў. Інжынер не можа ўявіць магчымасць адмовіцца ад хуткасці і замарудзіцца дзеля аптымізацыі плыняў руху. Яму ніколі не прыйдзе да галавы думка запраграмаваць кампутар пры ўмове, што ніякі матарызаваны транспартны сродак ні ў якім горадзе ніколі не мусіць перавышаць хуткасць веласіпеду. Эксперт па развіццю, які паглядае звысок са свайго «Лэнд Роверу» на індыйскага селяніна, што гоніць свінні на кірмаш, адмаўляецца прызнаць адносную перавагу ног. Эксперт схільны забыць, што гэты чалавек вызваліў дзесяць іншых у сваёй вёсцы ад неабходнасці праводзіць час у дарозе, у той час як інжынер і кожны чалец ягонай сям’і паасобку праводзяць значную частку кожнага дня ў транспартным руху. Для чалавека, які верыць, што чалавечая мабільнасць мусіць вызначацца ў тэрмінах бясконцага прагрэсу, не можа быць ніякага аптымальнага ўзроўню руху, але толькі часовы кансэнсус на пэўным узроўні тэхнічнага развіцця.

Большасць мексіканцаў, не кажучы пра індыйцаў і кітайцаў, знаходзяцца ў пазіцыі, адваротнай да пазіцыі перакананага пасажыра. Крытычны парог знаходзіцца зусім па-за межамі іх ведаў ці чаканняў. Яны ўсё яшчэ належаць да класу сама-сільных. Некаторыя з іх затрымалі ў памяці сваю матарызаваную прыгоду, але большасць з іх не мае асабістага вопыту падарожжаў на крытычнай ці яшчэ больш высокай хуткасці. У двух тыповых мексіканскіх штатах Герэра і Чыяпас менш за адзін адсотак насельніцтва рухаўся з хуткасцю вышэй за 10 міль у гадзіну хаця б раз на працягу 1970 году. Транспартныя сродкі, у якія людзі ў гэтых мясцовасцях часам набіваюцца, робяць рух насамрэч больш зручным, але наўрад ці больш хуткім за ровар. Аўтобус трэцяга класу не аддзяляе селяніна ад яго свінні і дастаўляе іх абаіх на кірмаш без якой-небудзь страты вагі, але гэтае знаёмства з матарызаваным «камфортам» не прыводзіць да залежнасці ад дэструктыўнай хуткасці.

"Транспартныя сродкі, у якія людзі ў гэтых мясцовасцях часам набіваюцца, робяць рух насамрэч больш зручным, але наўрад ці больш хуткім за ровар". Пуэбла Нуэва, Нікарагуа, 2000 год. Фота Джона Вееркампа (http://busexplorer.com/).

Парадак велічыні, у якім знаходзіцца крытычны парог хуткасці, занадта нізкі, каб пасажыр прымаў яго ўсур’ёз, і занадта высокі, каб турбаваць селяніна. Ён настолькі відавочны, што яго няпроста пабачыць. Прапанова абмежаваць хуткасць у гэтым парадку велічыні спараджае зацятую апазіцыю. Яна выяўляе залежнасць індустрыялізаваных людзей ад спажывання ўсё большых доз энэргіі, і ў той жа час просіць іншых устрымацца ад таго, чаго яны яшчэ не каштавалі.

Прапанаваць кантрольныя даследванні – гэта не толькі скандал, гэта таксама пагроза. Простасць пагражае эксперту, які нібыта разумее, чаму прыгарадны цягнік адпраўляецца ў 8:15 і 8:41 і чаму лепей выкарыстоўваць паліва з пэўнымі прысадкамі. Тое, што палітычны працэс можа вызначыць натуральную велічыню, непазбежную і абмежаваную, ёсць ідэяй, якая ляжыць па-за светам ісцінаў пасажыра. Ён дазволіў павазе да спецыялістаў, якіх ён нават не ведае, ператварыцца ў бяздумную падпарадкаванасць. Калі палітычнае развязанне можа быць знойдзена для праблем, створаных экспертамі ў галіне руху, тады, магчыма, падобныя захады могуць быць прыменены да праблем адукацыі, медыцыны і урбанізацыі. Калі парадак велічыні аптымальных для руху хуткасцяў транспартных сродкаў можа быць вызначаны неспецыялістамі, якія актыўна ўдзельнічаюць у бягучым палітычным працэсе, тады падваліны, на якіх збудаванае кожнае індустрыйнае грамадства, будуць раструшчаныя. Прапанова такіх даследванняў палітычна падрыўная. Яна ставіць пад пытанне ўсеабдымны кансэнсус пра патрэбу ў павелічэнні транспартацыі, які зараз дазваляе прыхільнікам грамадскай уласнасці прадстаўляць сябе як палітычных праціўнікаў абаронцаў прыватнага прадпрымальніцтва.


Добавить статью в закладки

Comments are closed.