Іван Ілліч. Энэргія і справядлівасць (частка 5)

Неэфектыўнасць паскарэння
Варта адцяміць, што найвышэйшыя хуткасці для нямногіх вымагаюць іншай цаны, чым высокія хуткасці для ўсіх. Сацыяльная класіфікацыя па ўзроўнях хуткасці ўзмацняе чысты перанос сілы: бедныя працуюць і плацяць за тое, каб апынуцца ззаду. Але калі сярэднія класы грамадства хуткасці могуць быць схільнымі ігнараваць дыскрымінацыю, яны не могуць не заўважыць узрастанне крайніх некарыснасцяў транспартацыі і сваю ўласную страту вольнага часу. Высокія хуткасці для ўсіх значаць, што ўсе маюць меней часу для сябе, паколькі ўсё грамадства праводзіць усё большую долю свайго бюджэта часу на перамяшчэнне людзей. Транспартныя сродкі, якія едуць з хутчэйшай за крытычную хуткасцю, не толькі маюць тэндэнцыю накідаць няроўнасць, яны таксама непазбежна ствараюць індустрыю, што сама сябе абслугоўвае і хавае няспраўнасць сістэмы лакамоцыі пад відавочным тэхналагічным ускладненнем. Я пастараюся даказаць, што абмежаванне хуткасці патрэбнае не толькі каб захоўваць справядлівасць; яно ў роўнай ступені ёсць умовай дзеля павелічэння агульнай адлегласці вандровак у межах грамадства пры зніжэнні агульнага часу, які займаюць гэтыя вандроўкі.

Даступна няшмат даследаванняў па ўплыву транспартных сродкаў на 24-гадзінны бюджэт часу індывідаў і грамадстваў. З доследаў транспартацыі мы атрымліваем статыстыку коштаў часу на мілю, статыстыку каштоўнасці часу, вымеранай у далярах ці ў працягласці паездак. Але гэтая статыстыка нічога нам не кажа пра прыхаваныя кошты транспартацыі: пра тое, як транспартны рух памалу абскубае час жыцця; пра тое, як транспартныя сродкі праглынаюць прастору; пра памнажэнне паездак, якое стала неабходным праз існаванне транспартных сродкаў; ці пра час, праведзены ў непасрэднай і апасродкаванай падрыхтоўцы да лакамоцыі. Далей, няма даступнай меры яшчэ больш глыбока пахаваных коштаў транспарту, як больш высокая рэнта на жыллё ў раёнах, зручных для плыняў транспартнага руху ці кошт абароны гэтых раёнаў ад шуму, забруджання і небяспекі для жыцця і здароўя, створаных транспартнымі сродкамі. Недахоп падлікаў выдаткаў з грамадскага бюджэту часу не павінен, аднак, весці нас да веры, быццам такі падлік немагчымы; не павінен ён і ўстрымліваць нас ад падвядзення вынікаў на падставе таго нямногага, што мы ўжо ведаем.

"Час жыцця патанае ў мітусні дзеянняў, створаных транспартным рухам". Фотаздымак Марты Купер з яе кнігі "Hip Hop Files. Photographs 1979-1984".

З нашых абмежаваных звестак вынікае, што паўсюль на свеце пасля таго, як нейкі транспартны сродак пераадолеў бар’ер 15 міль у гадзіну, звязаная з транспартным рухам нястача часу пачала расці. Пасля таго, як індустрыя дасягнула гэтага парогу магутнасці на асобу, транспарт зрабіў з чалавека новы кшталт бадзягі: пастаянна адсутнага ў месцах прызначэння, якія ён не можа дасягнуць самастойна, але мусіць дасягнуць на працягу дня. Зараз людзі працуюць істотную частку кожнага дня, каб зарабіць грошы, без якіх яны нават не могуць патрапіць на месца працы. Час, які грамадства затрачвае на транспартацыю, расце прапарцыйна хуткасці яго найхутчэйшага грамадскага транспартнага сродку. Японія цяпер абганяе Злучаныя Штаты па абодвух паказчыках. Час жыцця патанае ў мітусні дзеянняў, створаных транспартным рухам, як толькі транспартныя сродкі прабіваюць бар’ер, які ахоўвае людзей ад [прымусовага] перамяшчэння і прастору ад скрыўлення.

Ад таго, каму належыць транспартны сродак, што нясецца па аўтамагістралі, дзяржаве ці індывіду, мала залежаць недахоп часу і звышпраграмаванасць, якія растуць з кожным павелічэннем хуткасці. Аўтобусы выкарыстоўваюць траціну паліва, якую аўтамабілі спажываюць, каб перавезці аднаго чалавека на пэўную адлегласць. Прыгарадныя цягнікі могуць быць у дзесяць разоў больш прадукцыйнымі за аўтамабілі. І тыя, і другія могуць стаць яшчэ больш прадукцыйнымі і меней забруджваць. Пры грамадскай уласнасці і рацыянальным кіраванні іх расклад і маршруты можна так адрэгуляваць, каб істотна зменшыць цяперашнія прывілегіі, якія дае транспарт пры прыватнай уласнасці і некампетэнтнай арганізацыі. Але пакуль любая сістэма транспартных сродкаў навязвае сябе грамадству праз неабмежаваную максімальную хуткасць, грамадства можа выбіраць толькі паміж тратай большай колькасці часу, каб заплаціць за перавозку большай колькасці людзей ад станцыі да станцыі, і меншай аплатай падаткаў, так што яшчэ меней людзей змогуць падарожнічаць за значна карацейшы час значна далей за астатніх. Парадак велічыні максімальнай хуткасці, дазволенай у транспартнай сістэме, вызначае долю бюджэта часу, які ўсё грамадства траціць на транспартны рух.

===========================================

Папярэдняя частка кнігі.


Добавить статью в закладки

Comments are closed.