Іван Ілліч. Энэргія і справядлівасць (частка 3)

Ачмурэлае ад хуткасці ўяўленне

Па-за пэўным парогам спажывання энэргіі транспартная індустрыя дыктуе канфігурацыю сацыяльнай прасторы. Аўтадарогі пашыраюцца – і ўбіваюць кліны паміж суседзямі, і пераносяць палі па-за адлегласць, якую фермер можа прайсці. Хуткая дапамога забірае клінікі па-за некалькі міль, якія можна пранесці хворае дзіця. Лекар больш не прыходзіць дадому, бо транспартныя сродкі зрабілі шпіталь слушным месцам для хворых. Калі цяжкія грузавікі дасягаюць вёску высока ў Андах, частка мясцовага рынку знікае. Пазней, калі сярэдняя школа прыязджае на плошчу па дарозе з цвёрдым пакрыццём, больш і больш маладых людзей перасяляюцца ў горад, пакуль кожная сям’я не пачынае сумаваць па кімсьці, хто жыве ў сотнях міль, на ўзбярэжжы.

Аднолькавыя хуткасці маюць аднолькава скажаючы эфект на ўспрыняцце прасторы, часу і асабістых здольнасцяў ў багатых і бедных краінах, наколькі б па-рознаму яны ні выглядалі. Паўсюль транспартная індустрыя фармуе новы кшталт чалавека, які б адпавядаў новай геаграфіі і новым раскладам яе стварэння. Асноўная розніца паміж Гватэмалай і Канзасам у тым, што ў Цэнтральнай Амерыцы некаторыя людзі яшчэ выключаны з любых кантактаў з транспартнымі сродкамі, і таму яшчэ не дэградавалі з-за сваёй залежнасці ад іх.

"Звыклы пасажыр ўсведамляе раздражняючы недахоп часу". Малюнак Эндзі Сінгера (http://worldcarfree.net/resources/freesources/gb/ROADRAG1.jpg)

Прадуктам транспартнай індустрыі ёсць звыклы пасажыр. Яго выманілі са свету, у якім людзі яшчэ рухаюцца самастойна, і ён згубіў разуменне, што ён стаіць у цэнтры свету. Звыклы пасажыр ўсведамляе раздражняючы недахоп часу, які вынікае са штодзённага прыбягання да аўтамабіляў, цягнікоў, аўтобусаў, метро і ліфтаў, якія прымушаюць яго пераадольваць у сярэднім дваццаць міль кожны дзень; часцяком транспарт перасякае шлях пасажыра нават у радыюсе, меншым за пяць міль. Пасажыр падняты па-над уласнымі нагамі. Не істотна, едзе ён на метро ці ляціць самалётам. Усё адно ён адчувае сябе больш марудным і бяднейшым за кагосьці іншага і чуецца пакрыўджаным карацейшымі шляхамі, даступнымі нямногім прывілеяваным, якія могуць пазбегчы фрустрацыі транспартнага руху. Калі ён абмежаваны раскладам свайго прыгараднага цягніка, ён марыць пра аўтамабіль. Калі ён знясілены гадзінай пік, ён зайздросціць капіталісту хуткасці, які едзе па сустрэчнай паласе. Калі ён мусіць плаціць за свой аўтамабіль з уласнай кішэні, ён вельмі добра ведае, што капітаны карпаратыўных караблёў дасылаюць рахунак за паліва кампаніі і запісваюць арэнду аўтамабіля ў расходы на бізнэс. Звыклы пасажыр патрапіў у «нешчаслівую палову» шкалы ўзрастаючых няроўнасці, недахопу часу і асабістага бяссілля. Але ён не можа ўбачыць выйсця з гэтай пасткі, апрача як патрабаваць болей таго самага: больш руху транспарта. Ён стаіць у чаканні тэхнічных зменаў у канструкцыі транспартных сродкаў, дарог і раскладаў; або ён спадзяецца на рэвалюцыю, якая створыць масавы хуткі транспарт пад грамадскім кантролем. У абодвух выпадках ён не падлічвае цану перавозкі ў лепшую будучыню. Ён забывае, што сам заплаціць за рахунак, або цаной білета, або падаткамі. Ён праглядае схаваныя кошты замены прыватных аўтамабіляў гэткім жа хуткім грамадскім транспартам.

Звыклы пасажыр не можа ўхапіць бязглуздасць руху, які базуецца ў падаўляючай ступені на транспарце. Атрыманае ім у спадчыну ўспрыняцце прасторы і часу і асабістай хады былі індустрыйна дэфармаваныя. Ён згубіў здольнасць успрымаць сябе па-за роляй пасажыра. Залежны ад неабходнасці быць перавезеным, ён згубіў кантроль над фізічнымі, сацыяльнымі і псіхічнымі сіламі, якія распалагаюцца ў нагах чалавека. Пасажыр стаў атаесамляць тэрыторыю з недатыкальным ландшафтам, праз які яго вязуць. Ён згубіў здольнасць усталёўваць свой абсяг, пазначаць той сваім следам і настойваць на сваёй суверэннасці над ім. Ён згубіў веру ва ўласную сілу прымаць іншых у сваю прысутнасць і свядома дзяліць з імі прастору. Ён больш не можа сустрэцца з аддаленым самастойна. Пакінуты сам насам, ён адчувае сябе нерухомым.

Звыклы пасажыр мусіць прыняць новы камплект вераванняў і чаканняў, калі хоча адчуваць сябе ў бяспецы ў новым свеце, дзе прадуктамі перавозкі ёсць адначасна ўзаемадачыненні і адзінота. «Сабрацца» для яго абазначае быць звезенымі ў адно месца транспартнымі сродкамі. Ён прыходзіць да веры ў тое, што палітычная ўлада вырастае з магутнасці транспартнай сістэмы, а ў яе адсутнасць вынікае з доступу да тэлевізійнага экрана. Ён атаесамляе свабоду руху з прэтэнзіямі на долю падштурхоўвання. Ён верыць, што ўзровень дэмакратычнага працэсу адпавядае магутнасці транспартнай і камунікацыйнай сістэм. Ён згубіў веру ў палітычную сілу ног і языка. У выніку ён хоча не болей свабод як грамадзянін, а лепшы сэрвіс як кліент. Ён не настойвае на сваёй свабодзе рухацца і размаўляць з людзьмі, але на патрабаванні быць перавезеным і быць праінфармаваным праз СМІ. Ён хоча атрымаць лепшы прадукт, але не свабоду ад няволі ў гэтага прадукта. Жыццёва неабходна, каб ён пабачыў, што акселерыцыя, якую ён патрабуе, сама сябе перамагае, і мусіць мець вынікам далейшае змяншэнне справядлівасці, вольнага часу і аўтаноміі.

=======================================

Папярэдняя частка кнігі «Энэргія і справядлівасць».

Перайсці да працягу кнігі.


Добавить статью в закладки

Comments are closed.