Іван Ілліч. Энэргія і справядлівасць (частка 1)

«Мірны атам» пачынае публікаваць пераклад кнігі Івана Ілліча «Энэргія і справядлівасць».Іван Ілліч (1926-2002) — чалавек са складаным і цікавым лёсам, мысляр сусветнага маштабу. У Беларусі яго імя практычна невядомае. Тым горш для нас. Аўтар такіх выбуховых кніг, як «Разшкольванне грамадства» [Deschooling Society], «Прылады для сяброўства» [Tools for Conviviality] і «Немезіда медыцыны» [Medical Nemesis], Ілліч істотна паўплываў на інтэлектуальны ландшафт другой паловы ХХ стагоддзя.
Напісаная ў 1974 годзе, «Энэргія і справядлівасць» дагэтуль анімала не згубіла актуальнасці. Гэтая кніга стала культавай для антыаўтамабільнага руху, але яна была напісана не толькі і не столькі пра аўтамабілі, аўтобусы ды ровары. Мова ў кнізе вядзецца пра самагубны для грамадства курс на ўсё большае спажыванне. Іван Ілліч даводзіць, што гэты курс небяспечны не столькі тым, што ён навадняе планету смеццем і адкідамі, колькі сацыяльнай дэградацыяй, якую ён за сабой цягне.
Кніга Івана Ілліча становіцца асабліва актуальнай ва ўмовах сусветнага эканамічнага крызісу, які паразіў і Беларусь. Зараз — самы час для перагляду вызначэнняў «прагрэсу» і «дабрабыту». На думку рэдакцыі, «Энэргія і справядлівасць» нам у гэтым дапаможа.
Пераклад зроблены з ангельскай мовы. Арыгінал кнігі можна прачытаць тут: http://worldcarfree.net/resources/freesources/Eneity.htm

====================================================

Іван Ілліч
Энэргія і справядлівасць
1974

Энэргетычны крызіс
Нядаўна стала модным настойваць на тым, што набліжаецца энэргетычны крызіс. Гэты эўфімістычны тэрмін прыхоўвае супярэчнасць і асвячае ілюзію. Ён маскіруе супярэчнасць, якая няяўна прысутнічае ў адначасовай пагоні за справядлівасцю ды індустрыяльным ростам. Ён ахоўвае ілюзію, што сіла машын можа неабмежавана замяняць сілу чалавека. Каб прыняць гэтую супярэчнасць і пакінуць гэтую ілюзію, зусім неабходна праясніць рэальнасць, якую зацямняе мова крызісу: вялікая колькасць энэргіі гэтаксама непазбежна прыводзіць да дэградацыі грамадскіх стасункаў, як і да руйнавання фізічнага асяроддзя.

Прыхільнікі [канцэпцыі] энэргетычнага крызісу падцвярджаюць і працягваюць пашыраць своеасаблівае бачанне чалавека. Згодна з гэтым поглядам, чалавек нараджаецца, каб трапіць у працяглую залежнасць ад рабоў, якімі ён мусіць у муках навучыцца кіраваць. Калі ён не выкарыстоўвае нявольнікаў, тады яму патрабуюцца маторы, каб выканаць большую частку ягонай працы. Згодна з гэтай дактрынай, дабрабыт грамадства можа вымярацца колькасцю гадоў, якія грамадзяне правялі ў школе, і колькасцю энэргетычных рабоў, якімі яны там навучыліся камандаваць. Гэтае вераванне ёсць агульным для канфліктуючых эканамічных ідэалогій, якія зараз у модзе. Яго падрываюць відавочныя несправядлівасць, устурбаванасць і бяссілле, якія з’яўляюцца паўсюль, як толькі ненажэрныя орды энэргетычных рабоў пераўзыходзяць людзей у пэўнай прапорцыі. [Канцэпцыя] энэргетычнага крызісу факусуе турботу на недахопе корму для гэтых рабоў. Я аддаю перавагу пытанню: ці патрэбныя такія рабы свабодным людзям?

Энэргетычная палітыка, якую прымуць у бягучым дзесяцігоддзі, вызначыць, якімі будуць сацыяльныя стасункі ў 2000 годзе. Нізка-энэргетычная палітыка дазваляе шырокую разнастайнасць стыляў жыцця і культур. Калі, наадварот, грамадства выбярэ высокае спажыванне энэргіі, яго сацыяльныя стасункі будуць дыктавацца тэхнакратыяй і будуць аднолькава нясмачнымі, ці будуць іх называць капіталістычнымі, ці сацыялістычнымі.
На бягучы момант большасць грамадстваў – асабліва гэта тычыцца бедных – яшчэ свабодныя вызначыць сваю энэргетычную палітыку ў любым з трох кірункаў. Дабрабыт можа быць атаясамлены з высокай колькасцю выкарыстання энэргіі на асобу, з высокай эфектыўнасцю трансфармацыі энэргіі, ці з найменшым магчымым выкарыстаннем механічнай энэргіі найбольш магутным чальцом грамадства. Першы падыход робіць націск на суровым кіраванні недастатковымі і руйнавальнымі відамі паліва на карысць індустрыі, у той час як другі лічыць важным пераўзбраенне індустрыі ў інтарэсах тэрмадынамічнай ашчаднасці. Абодва падыходы абавязкова ўключаюць у сябе вялікія грамадскія расходы і павелічэнне сацыяльнага кантролю; абодва рацыяналізуюць з’яўленне кампутарызаванага Левіяфана, і абодва шырока абмяркоўваюцца ў цяперашні час.

Магчымасць трэцяга шляху ледзь заўважаецца. Пры тым што людзі пачалі прымаць экалагічныя абмежаванні максімальнага выкарыстання энэргіі на чалавека як умову для фізічнага выжывання, яны яшчэ не думаюць пра выкарыстанне мінімальна неабходнай сілы як пра падмурак любога з разнастайных сацыяльных уладкаванняў, якія былі б адначасна новымі і пажаданымі. Толькі абмежаванне выкарыстання энэргіі можа прывесці да грамадскіх стасункаў, характарызаваных высокім узроўнем справядлівасці. Той выбар, які сёння адмаўляецца, ёсць адзіным даступным усім нацыям выбарам. Гэта таксама адзіная стратэгія, праз якую палітычны працэс можа быць выкарыстаны, каб вызначыць абмежаванні на магутнасць нават найбольш матарызаванага бюракрата. Перадумовай дэмакратыі ўдзелу ёсць нізка-энэргетычная тэхналогія. Толькі дэмакратыя ўдзелу стварае ўмовы для рацыянальнай тэхналогіі.

Звычайна не заўважаюць, што справядлівасць і [выкарыстанне] энэргіі могуць расці разам толькі да пэўнага пункта. Ніжэй за парог магутнасці на чалавека маторы паляпшаюць умовы для грамадскага прагрэсу. Вышэй за гэты парог энэргія расце за кошт справядлівасці. У другім выпадку далейшае энэргетычнае ўзбагачэнне значыць зніжэнне распаўсюду кантролю над гэтай энэргіяй.

Распаўсюджаная вера ў чыстую і даступную ў любой колькасці энэргію як панацэю ад грамадскіх хваробаў з’яўляецца наступствам палітычнай памылкі. Памылковай ёсць думка, што справядлівасць і спажыванне энэргіі могуць бясконца расці разам, прынамсі пры пэўных ідэальных палітычных умовах. Працуючы ў палоне гэтай ілюзіі, мы адхіляем любыя грамадскія абмежаванні росту спажывання энэргіі. Але наколькі правыя экалагісты ў сцвярджэнні, што неметабалічная сіла забруджвае, настолькі ж непазбежным ёсць факт, што па-за пэўным парогам механічная сіла псуе і раскладае. Парог сацыяльнай дэзінтэграцыі з-за высокай колькасці энэргіі незалежны ад парога, за якім пераўтварэнне энэргіі прыводзіць да фізічных руйнаванняў. Выражаны ў конскіх сілах, ён без сумневу ніжэй. Гэты факт мусіць быць тэарэтычна прызнаны да прыняцца палітычнага рашэння, якім узроўнем магутнасці на чалавека грамадства абмяжуе сваіх чальцоў.

Нават калі б не-забруджвальная сіла была даступнай і шматколькаснай, выкарыстанне энэргіі ў вялікіх маштабах дзейнічала б на грамадства як наркотык, які бяскрыўдны фізічна, але выклікае псіхалагічнае рабства. Супольнасць можа выбіраць паміж метадонам і ломкай – паміж падтрыманнем сваёй залежнасці ад чужой энэргіі і адкіданнем яе ў балючых сутаргах; але ніводнае грамадства не можа мець насельніцтва, якое адначасова было б аўтаномна актыўным і залежным ад усё большай колькасці энэргетычных рабоў.

У папярэдніх абмеркаваннях я паказаў, што па-за пэўным узроўнем ВНП кошт сацыяльнага кантролю мусіць расці хутчэй, чым агульная прадукцыя і мусіць стаць галоўнай інстытуцыянальнай дзейнасцю ў эканоміцы. Адміністраваная адукатарамі, псіхіятрамі і сацыяльнымі работнікамі тэрапія мусіць пераплесціся з праектамі планавікоў, мэнэджэраў і гандляроў і дапоўніць паслугі агенцый бяспекі, ваенных і паліцыі. Зараз я хачу выдзяліць адну прычыну, па якой павялічаны дастатак патрабуе павялічанага кантролю над персаналам. Я настойваю, што па-за пэўнай медыянай узроўню энэргіі на чалавека палітычная сістэма і культурны кантэкст любога грамадства мусяць занепадаць. Калі крытычная колькасць энэргіі на асобу пераўзыдзена, адукацыя дзеля абстрактных мэтаў бюракратыі будзе выцясняць легальныя гарантыі асабістай і канкрэтнай ініцыятывы. Гэтая колькасць – мяжа грамадскай уладкаванасці.

Я буду даказваць, што тэхнакратыя мусіць прэваліраваць, як толькі суадносіны механічнай сілы і метабалічнай энэргіі пераступаюць пэўны парог, які паддаецца вызначэнню. Парадак велічыні, у якім ляжыць гэты парог, у вялікай ступені незалежны ад тэхналогіі, што прымяняецца, але само існаванне такога парогу трапіла па-за поле зроку сацыяльнага ўяўлення як у багатых краінах, так і ў краінах сярэдняга дастатку. І Злучаныя Штаты, і Мексіка прайшлі праз крытычны падзел. У абедзьвюх краінах большая падача энэргіі павялічвае няроўнасць, неэфектыўнасць і асабістае бяссілле. Хаця адна краіна мае даход на чалавека ў 500 даляраў, а іншая – амаль у 5000 даляраў, вялізны інтарэс у індустрыяльнай інфраструктуры падштурхоўвае іх абедзьве далей нарошчваць выкарыстанне энэргіі. У выніку, і паўночнаамерыканскія, і мексіканскія ідэолагі называюць сваю фрустрацыю «энэргетычным крызісам», і абедзьве краіны застаюцца сляпымі да факту, што пагроза заняпаду грамадства сыходзіць не ад недахопу паліва і не ад ірацыянальнага выкарыстання энэргіі, якое вядзе да засмечвання і забруджання, але ад спробы індустрый перакарміць грамадства такой колькасцю энэргіі, якая непазбежна пазбаўляе большасць людзей правоў, фруструе іх і вядзе да дэградацыі.

Іван Ілліч

Народ можа быць гэтаксама небяспечна перанасычаны магутнасцю сваіх прылад, як і каларыйнасцю сваёй ежы, але нашмат цяжэй прызнацца ў нацыянальнай звышзалежнасці ад сілы механічных прылад, чым у нездаровай дыеце. Крытычная для грамадскага дабрабыту магутнасць на асобу знаходзіцца ў парадках велічынь, нашмат большых за вядомую чатыром пятым чалавецтва конскую сілу, і нашмат ніжэйшых за сілу, якой распараджаецца любы кіроўца «Фальксвагена». Гэтая велічыня выслізгвае з-пад увагі як недаспажыўца, так і звышспажыўца. Ніводны не хоча прыняць факты. Для «недаразвітых» знішчэнне рабства і цяжкай паднявольнай працы залежыць ад уводу адпаведнай сучаснай тэхналогіі, а для багатых пазбяганне яшчэ больш жахлівай дэградацыі залежыць ад паспяховага распазнавання парогу спажывання энэргіі, за якім тэхнічныя працэсы пачынаюць дыктаваць грамадскія стасункі. Калорыі ёсць біялагічна і сацыяльна здаровымі толькі пакуль яны застаюцца ў вузкіх межах, якія аддзяляюць дастатковае ад празмернага.

Так званы энэргетычны крызіс, такім чынам, ёсць палітычна двухсэнсоўнай тэмай. Грамадскі інтарэс у колькасці сілы і ў распаўсюдзе кантроля над выкарыстаннем энэргіі можа весці ў два процілеглыя кірункі. З аднаго боку, можна ўзняць пытанні, што адкрыюць шлях палітычнай рэканструкцыі праз разблакаванне пошуку пост-індустрыйнай, праца-інтэнсіўнай, нізка-энэргетычнай і высока-справядлівай эканомікі. З іншага боку, гістэрычная заклапочанасць кормам для машын можа надаць новую сілу цяперашняй эскалацыі капітала-інтэнсіўнага інстытуцыйнага росту, і перавесці нас праз апошні пункт невяртання ў кірунку гіпер-індустрыйнага Армагедону. Палітычная рэканструкцыя дапушчае наперад прызнанне факту існавання крытычнай колькасці на асобу, за якой энэргія больш не можа кантралявацца палітычным працэсам. Грамадскі заняпад будзе непазбежным вынікам экалагічных абмежаванняў, накладзеных планавальнікамі, якія індустрыйна мысляць і схіляюцца да падтрымання індустрыйнай прадукцыі на нейкім гіпатэтычным максімуме.
Багатыя краіны, накшталт Злучаных Штатаў, Японіі ці Францыі, магчыма, ніколі не захлынуцца ва ўласных адкідах, але толькі коштам соцыя-культурнай энэргетычнай комы, у якую ўпадуць іх грамадствы. Краіны накшталт Індыі, Бірмы і, прынамсі яшчэ на нейкі час, Кітая, знаходзяцца ў адваротнай пазіцыі: яны яшчэ ў дастатковай ступені сілкуюцца мускуламі і могуць спыніцца незадоўга да энэргетычнага інсульту. Яны могуць выбраць проста цяпер застацца ў тых межах, у якія багатыя будуць выштурхнутыя коштам непамерных страт у сваіх меркантыльных інтарэсах.

Выбар эканомікі мінімальнай энэргіі прымусіць бедных адмовіцца ад далёкасяжных чаканняў, а багатых – прызнаць свае меркантыльныя інтарэсы надзвычай благой схільнасцю. І тыя, і другія мусяць адмовіцца ад фатальнага ўяўлення пра чалавека як рабаўладальніка, якое зараз распаўсюджваецца праз ідэалагічна стымуляваны голад на ўсё большыя колькасці энэргіі. У краінах, што сталі заможнымі ў выніку індустрыйнага развіцця, энэргетычны крызіс служыць бізуном для ўзняцця падаткаў, якія спатрэбяцца, каб замяніць новымі, больш стрыманымі і сацыяльна больш смяротнымі індустрыйнымі працэсамі тыя, што былі зробленыя няспраўнай звышэкспансіяй састарэлымі. Для кіраўнікоў народаў, якія былі абрабаваныя тым самым працэсам індустрыялізацыі, энэргетычны крызіс служыць за алібі для цэнтралізацыі вытворчасці, забруджвання ды іх кантролю ў апошняй адчайнай спробе дагнаць больш энэргетычна магутных. Праз экспарт свайго крызісу і праз прапаведванне новых малітваў пурытанскага культу энэргіі багатыя робяць яшчэ больш шкоды бедным, чым яны рабілі, калі прадавалі ім прадукты цяпер састарэлых заводаў. Як толькі бедная краіна прымае дактрыну, што больш энэргіі пры лепшым кіраванні ёй заўжды прынясе больш тавараў большай колькасці людзей, гэтая краіна трапляе на кручок гонкі за продаж у рабства максімальнай індустрыйнай прадукцыйнасці. Бедныя непазбежна адкінуць магчымасць рацыянальнай тэхналогіі, калі яны выбяруць мадэрнізацыю сваёй беднасці праз павелічэнне сваёй залежнасці ад энэргіі. Бедныя непазбежна адмовяцца ад магчымасці вызваленчай тэхналогіі і палітыкі ўдзелу калі разам з максімальным даступным выкарыстаннем энэргіі яны прымуць максімальны даступны сацыяльны кантроль.

Энэргетычны крызіс не можа быць пераадолены праз большае выкарыстанне энэргіі. Яго можна развязаць толькі разам з адкіданнем ілюзіі, што дабрабыт залежыць ад колькасці энэргетычных рабоў, якімі камандуе чалавек. Дзеля гэтага неабходна вызначыць парог, за якім сіла раскладае, і зрабіць гэта праз палітычны працэс, які аб’яднае супольнасць у пошуках абмежаванняў. Паколькі гэты від даследванняў супярэчыць таму, што зараз робіцца экспертамі і для інстытутаў, я буду называць яго кантрольнымі даследваннямі. Такія доследы складаюцца з трох крокаў. Па-першае, неабходнасць межаў выкарыстання энэргіі на асобу мусіць быць тэарэтычна прызнаная сацыяльным імператывам. Затым, мусіць быць вызначаны парадак, у якім варта шукаць крытычную велічыню. Нарэшце, кожная супольнасць мае вызначыць узроўні несправядлівасці, турботаў і выпрацоўкі ўмоўных рэфлексаў, якія яе чальцы гатовыя прыняць у абмен на задавальненне ад ідалізацыі магутных прылад і далучэння да рытуалаў, кіраваных прафесіяналамі, што кантралююць працу прылад.
Неабходнасць палітычнага даследвання аптымальнай для грамадства колькасці энэргіі можа быць выразна і сцісла праілюстравана праз разгляд сучаснага транспартнага руху. Злучаныя Штаты ўкладаюць 45 адсоткаў усёй сваёй энэргіі ў транспартныя сродкі: на іх выраб, эксплуатацыю і расчыстку шляху для іх, калі яны кацяцца, лятуць або паркуюцца. Большая частка гэтай энэргіі прызначана на перамяшчэнне людзей, прывязаных рамнём да сядзення. Толькі на перавозку людзей 250 мільёнаў амерыканцаў трацяць больш паліва, чым выкарыстоўваюць 1300 мільёнаў кітайцаў ды індыйцаў на ўсе патрэбы. Амаль усё гэта паліва згарае ў шалёных скоках часа-спажывальнага паскарэння. Бедныя краіны трацяць меней энэргіі на асобу, але адсотак агульнай энэргіі, прызначанай для транспарта, ў Мексіцы ці ў Перу вышэй, чым у ЗША, і выгоды ад яе атрымлівае меншы адсотак насельніцтва. Памеры гэтага прадпрыемства робяць адначасова простым і важным паказаць існаванне крытычнай для грамадства колькасці энэргіі праз прыклад перавозкі людзей.
У транспартным руху выкарыстаная за пэўны прамежак часу энэргія (сіла) пераводзіцца ў хуткасць. У гэтым выпадку крытычная колькасць праявіцца ў выглядзе абмежавання хуткасці. Там, дзе гэтая мяжа была пройдзена, з’явяцца асноўныя прыкметы сацыяльнай дэградацыі з-за вялікай колькасці энэргіі. Калі нейкі грамадскі транспарт паехаў хутчэй за 15 міль у гадзіну, справядлівасць знізілася, а недахоп часу і месца павялічыўся. Матарызаваная перавозка манапалізавала транспарт і блакавала самачыннае перасоўванне. У кожнай заходняй краіне адлегласці, якія пераадолеў пасажыр на ўсіх тыпах злучэнняў, павялічыліся ў сотню разоў за пяцьдзесят гадоў пасля будаўніцтва першай чыгункі. Калі прапорцыя іх адпаведных магутнасцяў перасягнула пэўнае значэнне, механічныя пераўтваральнікі мінеральнага паліва адмежавалі людзей ад выкарыстання ўласнай метабалічнай энэргіі і прымусілі іх стаць зняволенымі спажыўцамі транспарту. Гэтакі ўплыў хуткасці на аўтаномію людзей толькі нязначна змяняецца тэхналагічнымі характарыстыкамі выкарыстаных матарызаваных транспартных сродкаў ці людзьмі або ўстановамі, якія валодаюць законнымі правамі на паветраныя лініі, аўтобусы, чыгункі ці аўтамабілі. Высокая хуткасць – крытычны чыннік, які робіць транспартацыю сацыяльна дэструктыўнай. Сапраўдны выбар палітычнай сістэмы і пажаданых грамадскіх стасункаў магчымы толькі там, дзе хуткасць стрымана. Дэмакратыя ўдзелу патрабуе нізка-энэргетычнай тэхналогіі, і свабодныя людзі мусяць праехаць дарогу да прадукцыйных грамадскіх стасункаў на хуткасці ровара.*

* Я кажу пра транспартны рух, каб праілюстраваць больш агульны тэзіс пра аптымальнае для грамадства выкарыстанне энэргіі, і я абмяжоўваю сябе перавозкай асоб, уключна з іх асабістым багажом і палівам, матэрыяламі ды рыштункам для транспартнага сродку і дарогі. Я свядома ўстрымліваюся ад абмеркавання двух іншых тыпаў транспартнага руху: тавараў і паведамленняў. Пра абодва можна весці гутарку паралельна, але гэта запатрабуе іншай лініі аргументацыі, і я пакідаю гэта на іншы выпадак.

=======================================================

Працяг чытайце па спасылцы: http://mirnyatom.net/6931140/ivan-illich-2/


Добавить статью в закладки

Comments are closed.