Інфацэнтр БелАЭС шукае сяброў

Не так шмат знойдзецца месцаў, куды б можна было зайсці проста так, без пэўнай нагоды. Дзесьці вам прапануюць купіць уваходны білет, дзесьці — набыць хоць кубачак кавы, а недзе могуць і ў шыю выпіхнуць.
Інфармацыйны цэнтр АЭС — тое месца, дзе не зробяць ні першага, ні другога, ні трэцяга, — піша газета «Астравецкая праўда«:

Больш таго — прыязна сустрэнуць, з карысцю і ашчаднасцю зоймуць ваш час, ні капейкі за гэта не возьмуць, а на развітанне яшчэ і невялікі падарунак уручаць.
Тым не менш многія з тых, хто праходзіць міма сіняй шыльды «Інфармацыйны цэнтр АЭС»… праходзяць міма. Магчыма, з-за таго, што мала ведаюць аб тым, што знаходзіцца за люстранымі вокнамі кінаканцэртнай залы «Астравец», у якім і размясцілася гэтая ўнікальная ўстанова?

infocentrЯна сапраўды ўнікальная, таму што ў Беларусі адзіная. Падобнай больш няма нідзе. Магчыма, з часам з’явіцца, але пакуль інфармацыйны цэнтр АЭС знаходзіцца толькі ў Астраўцы. Дарэчы, ён мог «прапісацца» і ў іншым месцы. У свеце шырока распаўсюджана практыка размяшчэння падобных устаноў не толькі побач з АЭС, а і ў бліжэйшых буйных гарадах і нават у сталіцах. У Беларусі ж інфацэнтр атамнай электрастанцыі вырашылі адкрыць там, дзе мяркуецца пабудаваць АЭС.
Так амаль год таму, у кастрычніку 2009 года ў Астраўцы з’явілася тая самая сіняя шыльда з адзіным на ўсю Беларусь надпісам.
«Кантора, каб людзям мазгі «прамываць», — пабурчыць хтосьці. Пры сённяшнім развіцці мас-медыа — не вельмі іх «прамыеш». Кожны выбірае тую крыніцу інфармацыі, якой давярае і на падставе атрыманых звестак фарміруе ўласнае меркаванне.
Інфармацыйны цэнтр у гэтым плане далёка не самы магутны сродак. Пры тым, што тут за адзінаццаць месяцаў пабывала больш чым паўтары тысячы чалавек, гэта не параўнаць з колькасцю наведванняў розных інтэрнэт-сайтаў. Ды і месячны тыраж самай няўдалай газеткі, як правіла, значна вышэйшы за гэтую лічбу.
Перавага цэнтра ў чалавечых стасунках. Тут можна не толькі атрымаць любую інфармацыю па тэматыцы ядзернай энергетыкі і будаўніцтве АЭС у Беларусі, а і паглядзець свайму субяседніку ў вочы. А ў іх можна ўбачыць нашмат болей, чым паміж радкамі камп’ютарнага тэксту, падпісанага безаблічным «нікам». Магчыма, таму ўсе, хто тут бываў, заходзілі ў цэнтр, калі і не з варожасцю ў вачах, то з пэўнай насцярожанасцю. А пакідалі яго са шчырай усмешкай на твары, пажаданнямі паспяховай працы і жаданнем яшчэ раз тут пабываць. Так, як гэта ўжо неаднойчы рабілі школьнікі з Ашмянскага раёна. А вучні Гальшанскай гімназіі не толькі самі пабывалі ў інфармацыйным цэнтры, а і запрасілі яго супрацоўнікаў у госці да сябе.
Чаму так адбываецца? Чаму першапачатковы недавер напрыканцы размовы змяняецца ўзаемаразуменнем?
Не ў апошнюю чаргу з-за таго, што ў якасці субяседнікаў перад наведвальнікамі інфармацыйнага цэнтра выступаюць людзі, якія ведаюць атамную энергетыку не па чутках і газетных артыкулах, а з уласнага вопыту…
Напрыклад, вядомы ўжо чытачам «Астравецкай праўды» па «Прамой лініі» Уладзімір Дзмітрыевіч Горын, намеснік галоўнага інжынера Дырэкцыі будаўніцтва АЭС. Пачынаў працоўную дзейнасць у педагогіцы, некаторы час нават узначальваў сельскую школу на Віцебшчыне. Потым жыццё склалася так, што звязаў свой лёс з атамнай энергетыкай, якой аддаў больш за 30 гадоў свайго жыцця.
Па слядах бацькі пайшоў і сын — Сяргей Уладзіміравіч. Перад вяртаннем у Беларусь — а гэта было менавіта вяртанне, таму што нарадзіўся ён тут, хоць усё сваё свядомае жыццё пражыў у Расіі — кіраваў ядзерным рэактарам на Балакоўскай АЭС у Саратаўскай вобласці.
Міхаіл Міхайлавіч Жук у школьныя гады перамог на Саюзнай алімпіядзе па фізіцы. Гэта дазволіла хлапчуку з вёскі ў Слонімскім раёне паступіць у фізіка-матэматычную школу-інтэрнат пры Маскоўскім дзяржаўным універсітэце, а затым — у адзін з самых прэстыжных інстытутаў Савецкага Саюза — Маскоўскі інжынерна-фізічны, знакаміты МІФІ. Потым была праца ў Інстытуце ядзернай энергетыкі Акадэміі навук БССР, навукова-даследчым і канструктарскім інстытуце энергатэхнікі ў Маскве, на атамных электрастанцыях у Літве, Балгарыі, Расіі.
Зразумела, што аб АЭС гэтыя людзі ведаюць нашмат больш кожнага з нас. Дык навошта чэрпаць неабходную інфармацыю з выпадковых крыніц, калі побач з намі кампетэнтныя спецыялісты? Прадукты ж для свайго стала мы стараемся набыць у сумленных вытворцаў, а галаву чамусьці забіваем усім, што трапіць у вушы…
Ну а няма жадання для сур’ёзнай размовы — у інфармацыйным цэнтры можна проста даць адпачынак стомленым нагам, схавацца ад непагадзі, пабавіць час у чаканні аўтобуса, прызначыць сустрэчу, правесці пасяджэнне, выхаваўчае мерапрыемства… Для гэтага ў цэнтры маюцца ўсе неабходныя ўмовы: утульная зала з мяккімі крэсламі, камп’ютар, мультымедыйны праектар…
Інфармацыйны цэнтр АЭС створаны для людзей і шчыра жадае падружыцца з кожным, хто пераступіць яго парог! Будзем сябраваць?

Крыніца Мірны атам


Добавить статью в закладки

Comments are closed.