Ровар як кароль асфальту

У мінулую суботу, 7 жніўня, у Жодзіна адбылася падзея. Горад, знакаміты як радзіма кар’ерных самазвалаў, стаў вядомы і дзякуючы сваім раварыстам. У межах грамадскай кампаніі «Ровар у горадзе» адбыўся гарадскі велапрабег.
Праз увесь горад — паўз мікрараёны са шматпавярховікамі, міма БелАЗу, ўздоўж чыгункі, па ціхіх вуліцах прыватнага сектару — пракаціліся 17 раварыстаў і раварыстак на сваіх жалезных (а ў кагосьці і алюмініевых) конях. Лічба невялікая, але для малога горада і яна заўважна.
Праехалі, каб зрабіць сваю прысутнасць у горадзе лепш бачнай, каб сцвердзіць патрэбу ў роварнай інфраструктуры (веласцежкі, стаянкі), неабходнасць зменаў правілаў дарожнага руху на карысць раварыстаў.

Зараз у Жодзіна ёсць веластаянкі каля крамаў і устаноў, але няма, напрыклад, каля чыгуначных прыпынкаў і аўтастанцыі. А як было б зручна раніцай запаркаваць ровар па дарозе на працу ці за пакупкамі, сесці ў цягнік, а ўвечары ізноў перасесці на ровар, каб вярнуцца дамоў…
Веласцежка ёсць толькі на ўчастку шашы Мінск — Барысаў, якая праходзіць праз горад. Яна зручная, але яе, безумоўна, мала. А ездзіць па ходніках, як прадпісваюць правілы дарожнага руху (ПДР), нязручна, а часта і небяспечна (месцамі бардзюры даходзяць да 20-25 сантыметраў вышыні пры адсутнасці пандусаў).
Апошняя рэдакцыя ПДР дыскрымінуе раварыстаў, забараняючы ім рух па праезнай частцы пры наяўнасці ходніка ці веласцежкі. Але ходнік найчасцей аказваецца непрыстасаваны да руху раварыстаў (як, дарэчы, і інвалідаў-калясачнікаў). Веласцежкай жа назваць могуць і раздзяўбаную паласу асфальту, якая праз 200 метраў перарываецца і не мае ніякага працягу.
Кампанія «Ровар у горадзе» пакуль разлічана на Менскую вобласць і Менск, але арганізатары запрашаюць далучацца ўсіх ахвочых, каб разам зрушыць Беларусь да больш зялёнай і роварнай будучыні. Пра грамадскую кампанію «Ровар у горадзе» можна даведацца болей на сайце: http://rovar.in-by.net/

Але велапрабег — гэта не толькі грамадская дзейнасць, а яшчэ і шмат асалоды.
Адзін з больш сталых удзельнікаў пакатушкі, спецыяльны госць з Гомелю Юры Глушакоў, сказаў пасля фінішу: «Гуртам катацца весела. Хуткасць п’яніць. Адчуў сябе сапраўдным каралём асфальту!»
Пакатушка скончылася вечарынкай. Цёплая кампанія размясцілася ў прыватным двары, дзе было ўдосталь месца і для людзей, і для ровараў. На вяртушках граў ды-джэй, піліся прахаладжальныя напоі, вяліся вольныя гутаркі.
Наперадзе — мерапрыемствы ў іншых гарадах, а таксама руцінная праца па адстойванні раварыстамі сваіх правоў.


Добавить статью в закладки

Comments are closed.