Новае месца для царквы: паміж аптэкай і дыскатэкай

Будаўніцтва царквы ў Тураве пачалося з высечкі дрэў з птушынымі гнёздамі. Закладка і асвячэнне першай цагліны ў падмурак храма адбылося 11 траўня ў Дзень святога Кірылы Тураўскага пры вялікай колькасці праваслаўных святароў і прадстаўнікоў прэсы.

turov-carkva

Накаркалі?

Новы кафедральны храм Тураўска-Мазырскай праваслаўнай епархіі паўстане ў цэнтральным скверы старажытнага мястэчка паміж аптэкай і дыскатэкай. Каб расчысціць месца для будаўнічых работ патрабавалася спілаваць некалькі дрэў. Пачатак будоўлі прыпаў на канец красавіку. У гэты перыяд у гнёздах гракоў і іншых птушак ужо ёсць яйкі і пачынаюць выводзіцца птушаняты. Паводле Закона Рэспублікі Беларусь » Аб жывёльным свеце» з 15 красавіка знішчаць дрэвы з гнёздамі птушак забаронена. Першымі ахвярамі будаўніцтва новай царквы зрабіліся ясені і клён, на адным з якіх гракі пабудавалі гняздо. Пасля тэлефанавання мясцовых абаронцаў прыроды ў Жыткавіцкую раённую інспекцыю прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя, на гэтым высечка дрэў пакуль спынілася.

Будоўля новага храма ў гонар Тураўскіх святых Кірыла і Лаўрэнція прынесла турботу не толькі птушкам на гнёздах. Два гады, з моманту афіцыйнага вызначэння месца будаўніцтва храма, не сціхалі спрэчкі паміж жыхарамі Турава, свецкімі і праваслаўнымі ўладамі. Дакладней, спрачаліся жыхары, пісалі ва ўсі інстанцыі, дайшлі нават да Мітрапаліта Мінскага і слуцкага Філарэта. Даводзілі, што размяшчаць храм ў маленькім цэнтральным скверы побач з кафэ, Домам культуры і «клеткай» летняй дыскатэкі гэта вялікая памылка і шкода. Улада адмоўчвалася, пагражала асобным грамадзянам звальненнем з працы, супакойвала астатніх абяцаннем наступны храм пабудаваць так, як хоча свецкая і праваслаўная грамадскасць Турава — на Замкавай гары.

Ідэя ўзнавіць храм на замчышчы старажытнага Турава з’явілася напачатку 1990-х гадоў. Быў зроблены праект і нават пачаўся збор народных сродкаў на будоўлю. Пасля ўсё спынілася. Сабраныя, хоць і не вялікія сродкі, дзеліся невядома куды.

На новы храм у цэнтральным скверы збіралі сродкі па ўсёй Тўраўска — Мазырскай праваслаўнай епархіі. Сярод тураўцоў ходзяць упартыя чуткі, што асноўным спонсарам новага храму з’яўляецца нейкі бізнэсовец з Расеі з беларускамі каранямі. Дзякуючы яго грашам, і жаданню пабудаваць храм ў Тураве, маўляў гэтая будоўля і распачынаецца.

А. Раеўская


Добавить статью в закладки

Comments are closed.