Болей форумаў, добрых і розных!

10-12 ліпеня 2009 года ў Бярэзінскім біясферным запаведніку прайшоў Форум грамадскіх экалагічных арганізацый Беларусі. Форум сабраў каля 140 удзельніц і ўдзельнікаў і быў самай прадстаўнічай і люднай сустрэчай экалагістых за апошні час.

uchastniki-foruma-green-belarus

Участники Форума общественных экологических организаций Беларуси 2009

Арганізатары заявілі форум як своеасаблівы працяг сустрэч «зялёных», якія адбываліся ў 2001-2002 гадах. Пра тыя сустрэчы і шлях, які прайшоў экалагічны рух Беларусі за апошнія дваццаць гадоў распавядала пры адкрыцці форума Ірына Сухій з грамадскай арганізацыі «Экадом». Прыгадала Ірына, сярод іншага, і выніковы дакумент апошняй сустрэчы, у якім адным з пунктаў значылася патрабаванне вывесці Белавежскую пушчу і Бярэзінскі біясферны запаведнік з падпарадкавання адміністрацыі прэзідэнта (ў першую чаргу, з-за бурлівай эканамічнай дзейнасці, разгорнутай дзялкамі з адміністрацыі). Мінула некалькі гадоў. І Белавежа, і Бярэзінскі біясферны дагэтуль падпарадкоўваюцца адміністрацыі. А экалагісты ладзяць у запаведніку свой форум. Іначай як здачу пазіцыі і прымірэнства гэта разглядаць цяжка.

Тут, праўда, трэба агаварыцца, што ў запаведніку, у адрозненне ад нацыянальных паркаў «Белавежская пушча» і «Прыпяцкі», не вядуцца прамысловыя вырубкі лясоў і няма вялікіх будоўляў. А таксама трэба агаварыцца, што многія ўдзельнікі форума, напрыклад вядомы навуковец-энтамолаг і дзеяч прыродаахоўнага руху Георгі Казулька [артыкул «Заповедная система Беларуси требует коренной реорганизации» у бюлетэні «Зялёная прастора» #1/2007], дагэтуль выступаюць за вывядзенне асабліва ахоўваемых прыродных тэрыторый — ААПТ — з падпарадкавання адміністрацыі.

Вось пад сцягам усеагульнага прымірэння і зліцця (прыгадалася «змычка горада і сяла») і была складзена праграма форума. Прымірэння экалагічнага руху з дзяржаўнымі арганізацыямі, якія навакольнае асяроддзе ніяк не бароняць (а часта наўпрост вынішчаюць прыроду), і зліцця з бізнэсам, які гэтае самае навакольнае асяроддзе атручвае. Вось адна з арганізацый-удзельніц форума — «Ахова птушак бацькаўшчыны» — ужо даўно і паспяхова зліваецца ў экстазе з беларускім філіялам карпарацыі «Кока-кола», адмываючы імідж карпарацыі, троху папсаваны заказнымі забойствамі прафсаюзных актывістаў у Калумбіі і эксплуатацыяй дзіцячай працы на апельсінавых плантацыях Бразіліі.

Каб не псаваць атмасферу прымірэння, арганізатары ветліва папрасілі не распаўсюджваць на форуме пяты нумар «Мірнага атаму» («Буквар для папы»), прынамсі не раскладаць на сталах у фае.

З дакладам «Супрацоўніцтва Міністэрства прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя з арганізацыямі экалагічнай скіраванасці: ўзаемадзеянне, праблемы і шляхі вырашэння» выступіла начальніца аддзела інфармацыі міністэрства Вераніка Вараўка. Уласна даклад ваш карэспандэнт прапусціў, пра што ані не шкадуе. Затое адказвала на пытанні паненка з мінпрыроды забаўна. Ну, праўда, што можна адказаць, калі табе выкладваюць адзін за другім факты парушэння тваім міністэрствам нацыянальнага і міжнароднага заканадаўства, а ты на гэтыя парушэнні ніяк не ўплываеш? А яна неяк выкручвалася!

Далей па праграме быў змрочны greenwash (стварэнне зялёнага іміджу зусім не зялёным вытворчасцям) ад галоўнай дарадцы ініцыятывы ААН «Глабальная дамова ў Беларусі», таму я вырашыў пайсці падыхаць дамжарыцкім паветрам (Дамжарыцы — адміністрацыйны цэнтр запаведніка і месца правядзення форума). Я быў у сваім рашэнні не адзінокі. Вельмі многія ўдзельнікі і ўдзельніцы форума гулялі ў часе паседжанняў дзе-небудзь на волі. На апошнім паседжанні трэцяга дня, дзе абмяркоўвалася выніковая рэзалюцыя, не назбіралася і паловы.

Але апрача нуднаватай і месцамі дзіўнай (калі не сказаць мацней) праграмы, складзенай арганізатарамі, былі і пазапраграмныя мерапрыемствы, і жывыя гутаркі паміж цікавымі і цікаўнымі людзьмі ў кулуарах, і выступы з месца на дыскусіях. На дыскусіях часцяком слова бралі былы старшыня Беларускай партыі «Зялёныя» Алег Грамыка і сябар партыі Аляксандр Сыкала.

Варта адзначыць зладжаны не з ініцыятывы арганізатараў круглы стол «Праблемы ядзернай энэргетыкі», у якім прынялі ўдзел Андрэй Ажароўскі — эксперт з арганізацыі «Экозащита» (Масква), Ігар Пастухоў — дырэктар ландшафтнага заказніку «Сарачанскія азёры», які не пабаяўся выступіць супраць планаў будаўніцтва АЭС, а таксама прадстаўнікі руху «Навукоўцы за бяз’ядзерную Беларусь» фізік-ядзяршчык, кандыдат навук Ягор Фядзюшын і фізік, доктар тэхнічных навук Георгі Лепін. На круглым стале быў прыняты зварот да беларускай грамадскасці, у якім рашэнне пра будаўніцтва АЭС крытыкуецца як экалагічна, эканамічна, палітычна нявыгаднае для краіны. У якасці дзейснай альтэрнатывы прапанаваныя узнаўляльныя крыніцы энэргіі (біягаз, вецер, сонца).

Спадзяюся, што форум запомніцца ягоным удзельнікам не толькі колькасцю выпітага на ўрачыстай вячэры піва і віна, але і новымі карыснымі кантактамі, і абмеркаванымі супольнымі планамі, і пачуццём еднасці экаруху на Беларусі. Многія ўдзельнікі ўжо выказаліся за працяг банкету праз год-другі і наогул за тое, каб банкет стаў рэгулярным.

Уладзiмiр Валодзін

Фото с сайта  greenbelarus.info


Добавить статью в закладки

One comment

  1. Василь Уфоедов
    #1

    прикиньте, я на фотку кликнул, а она и увеличилась… чудеса инопланетные