Конкурс «Міс Ядроны Купальнік — 2032»

Да 2020-х гадоў Астравец набывае статус лідэра айчыннай эканомікі, прамысловасці і навукі. На базе Астравецкай АЭС узнікае Інстытут ядэрнай энергетыкі НАН РБ, шэраг прадпрыемстваў па вытворчасці пабытовых ядзерных прыбораў. Астравец становіцца цэнтрам адукацыі, культуры, найбольш прывабным для турыстаў Еўропы мегаполісам. Рэдакцыя «Мірнага Атама» працягвае знаёміць сваіх чытачоў з Астраўцом — гонарам нашай Бацькаўшчыны і яго жыхарамі — нашым залатым генафондам.

Гэта сенсацыя! Фінал конкурса «Міс Ядроны Купальнік — 2032», што меў месца ў Астраўцы апынуўся зусім не такім, якім яго прадбачылі шматлікія эксперты ў галіне мадэльнага шоў-бізнеса і проста аматары ядронага дзявочага хараства!

Як ужо стала добрай традыцыяй, апошні этап конкурса прайшоў у Купальскую ноч і быў прысвечаны чарговай — на гэты раз юбілейнай — гадавіне з дня народзінаў Янкі Купалы, у творах якога найноўшыя літаратуразнаўцы знаходзяць прадбачанне шматвекавой мары нашага народа пра светлую атамную будучыню роднага краю і неверагодны яго росквіт.

Ужо ў адборачным туры конкурса здавалася, што яго пераможца прадвызначаны. Некаторыя прыгажуні з розных куткоў Беларусі са слязьмі на вачах з’яжджалі дадому, не дачакаўшыся канчатковых вынікаў галасавання; нават адмаўляліся часам даваць рэпарцёрам інтэрвью. Прэтэндэнт-фаварыт быў вядомы. Ён выглядаў проста шыкоўна, барацьба з ім адразу была прадвызначанай на паразу. Гэта быў чалавак элітарнай натуры і адукацыі, гей-эстэт Дзіма з Гомелю. Калі ў катэгорыі «Топлес» ён падымаўся на подыюм у сваіх звышадкрытых стрынгах, усе трыбуны Лядовага палаца ў Астраўцы проста ўсхліпвалі ад эмацыйнай перапоўненасці радасці і фантастычнага захаплення! Іншыя прыгажуні сарамліва туліліся адна да адной і, шчыра кажучы, самі былі гатовыя пазбавіцца свядомасці ад аднаго толькі позірку на Дзіму.

Усімі любімы прыгажун меў не толькі бясспрэчную знешнасць, але таксама і бясспрэчную ідэялагічную жыццёвую падрыхтоўку, ці, як казалі ў мінулыя часы, біяграфію. Ён паходзіў з рэгіёна, што найбольш пацярпеў ад аварыі на Чарнобыльскай АЭС. Дзімін бацька нарадзіўся ў Хойніках 26 красавіка 1986 г. у сям’і бухгалтара райвыканкама, у 1987 сям’я спрабавала пераехаць у Мурманск, карыстаючыся нагодай павышэння Дзімінага дзеда па службовай лесвіцы. Але лёс склаўся так, што атрымалася пераехаць толькі ў Гомель.

Дзіме проста наканавана было стаць сімвалам вітальнасці і нязломнасці беларускай нацыі. Нацыі, якая не толькі не вымерла фізічна (як тое хацелі бачыць апазіцыйныя панікёры), наадварот, якая эвалюцыянавала і зрабіла неверагодны прагрэс у сваім развіцці, атрымаўшы ядзерную прышчэпку. Дзіма, здавалася, сам выпраменьваў энергію, калі жыццесцвярджальна ўсміхаўся ў шматлікіх роліках, што рэкламавалі разнастайныя пабытовыя атамныя прылады.

Але, як вядома, усё ў свеце мае свой адваротны бок. Знайшліся недобразычліўцы і ў Дзімы. Адмыслова ў Астравец прыехала група радыкальна настроеных малайцоў, якія жалалі выказаць сваё рашучае «Не!» Як яны сцвярджалі, Дзіма, па-першае, сваёй нетрадыцыйнай арыентацыяй стварае неадэкватны імідж роднаму гораду: калі Дзіміна папулярнасць стала імкліва набіраць тэмпы, пацаны з Гомелю, знаходзячыся ў іншых гарадах рэспублікі, пачалі адчуваць, што адносіны да іх неяк пагоршыліся, усё часцей яны чулі кпіны і лавілі ўсмешкі ў свой бок… Па-другое, гэтыя хлопцы лічылі, што развіццё атамных тэхналогіяў — абсалютна адмоўная з’ява, што Дзіма, займаючыся іх рэкламай, «ну очень конкретно неправ». Яны патрабавалі неадкладнага спынення ўсіх дзяржаўных праграм у гэтай сферы, патрабавалі накіраваць дадатковыя сродкі на барацьбу з наступствамі Чарнобылю і г.д., і да т.п., і інш. Карацей кажучы, звычайны юнацкі максімалізм.

Гэтыя асацыяльныя элементы вырашылі ажыццявіць у Астраўцы свой сакрэтны план, пахвальны для любога крымінальнага раёна пацанскіх аўтарытэтаў: сустрэць Дзіму ўвечары ў «падваротні» і «набіць морду, каб ведаў». Згодна з іх меркаваннем, пазбаўлены «смазливой мордашки», ён ніяк ужо не змог бы разлічваць на перамогу ў конкурсе «Міс Ядроны Купальнік». Наіўная, наіўная моладзь…

atomny-kupalnik

Прыгажуня-разумніца Дыяна Садоўская-Кюры

Адной з канкурэнтак Дзімы на конкурсе была Дыяна Садоўская-Кюры. Прыгажуня-разумніца, у даядзерную эпоху яна небезпаспяхова займалася архітэктурай, а зараз стала вядучым спецыялістам па распрацоўцы пабытовых і прамысловых атамных балансавальных станкоў. Здавалася б, усё ў дзяўчынкі было на яе карысць, але вось толькі побач з Дзімам у яе не заставалася аніякіх шанцаў… Дарэчы, яна нават уявіць не магла, каб пераўзыйсці яго ў эстэтычным спаборніцтве. Яна, шчыра кажучы, сама была ў захапленні ад Дзімы, добра разумеючы пры гэтым, што яе пачуцці ніколі не будуць узаемнымі. На развітанне яна марыла толькі атрымаць аўтограф, але не адважвалася нават падыйсці да свайго ідэалу. Дыяна добра ўсведамляла, што ў яе, магчыма, ніколі не будзе такога зручнага шанцу, і з усяе моцы справавала набрацца смеласці і ажыццявіць сваё нявіннае жаданне.

І вось надыйшоў апошні дзень перад фіналам конкурса. Дыяна разумела, што ізноў адкладаць на заўтра проста не выпадае. У яе таксама была дастатковая колькасць заўзятараў тут, у Астраўцы; яна папрасіла аднаго з іх, прыгожага на выгляд хлопчыка-журналіста, узяць у Дзімы аўтограф. Хлопчыку нічога не заставалася як пагутарыць з Дзімам падчас кавы-брэйк на прэсканферэнцыі. Дзіма сказаў, каб Дыяна зайшла ўвечары на флэт, які ён здымаў у адным з элітных раёнаў Астраўца, дзе ён з задавальненнем падпіша Дыяне фотабуклецік, бо яна яго шчырая прыхільніца. А паколькі яны калегі ў пэўнай ступені, распісвацца на выдраным з нататніку аркушыку паперкі проста несалідна…

Дыяна была на сёмым небе ад шчасця! Яна ледзь дачакалася вечару і ў агавораны час накіравалася па адрасе, які па вялікім сакрэце паведаміў яе кумір. Проста перапоўная пачуццяў, яна паехала ні на метро, ні на таксі, а ўсю дарогу пераадолела пехатою, бы проста на крылах. Да таго ж летняе надвор’е было проста выдатным! Дзімін раён маляўніча раскінуўся па-над рэчкай Лошай, цалкам паглынуты зелянінай і кветкамі, ён нараджаў самыя-самыя рамантычныя пачуцці і настрой!

Але потым адбылося менавіта тое, чаго не чакаў ніхто. Дзіма ў гэты вечар не дайшоў да ганку свайго катэджа, дзесьці замарудзіўшы з Дыяніным журналістам…

Затое Дыяна дайшла. Даляцела! Але … яе сустрэла з засады … гомельская гапата. Кароткая Купальская ноч, але цёмная! Эх, цёмная!.. І адразу не відаць паўз гэтую цемень, хто ідзе: галоўны прэтэндэнт на «Міс Ядроны Купальнік» ці ўсяго толькі адна з яго удзельніц! Бедная Дыяна!

На заўтра ўся грамадскасць Астраўца была шакаваная. Не дарма кажуць: прыгажосць — страшэнная сіла! Дыяна выгляд мела жудасны. І ў гэтым была яе прыгажосць! Нават Дзіма трапіў у тэлехронікі з адкрытым ротам — яго заўсёды захапляла брутальная маскуліннасць.

Вынікі канчатковага галасавання журы былі амаль аднагалоснымі: тытул «Міс Ядроны Купальнік — 2032» атрымала Дыяна!

Здараецца і такое!


Добавить статью в закладки

Comments are closed.