Не ядрыце клімат!

Ужо які год ядзернае лобі спрабуе атрымаць субсідыі за «ўнёсак у барацьбу са зменамі клімата», што выклікае справядлівае абурэнне грамадскасці і пратэсты. Вось і ў Капенгагене падчас кліматычнага саміту ААН міжнародная сетка грамадскіх арганізацый «Don’t Nuke the Climate!» пераконвала народ, прэсу і ўрадавыя дэлегацыя, што «мірны атам» не ёсць сродкам развязання сусветнага кліматычнага крызіса.

«Don’t Nuke the Climate!» даслоўна можна перакласці менавіта як «Не ядрыце клімат!«. Ці, больш цнатліва: «Не падвяргайце клімат ядзернай пагрозе!» Кампанія пад такой назвай аб’ядноўвае больш за 350 арганізацый-удзельнікаў з 47 краін, у тым ліку такія ўплывовыя як Greenpeace, BUND, attac, WISE (Сусветны інфармацыйны сэрвіс па энэргіі). Каардынуецца міжнародная кампанія французскай сеткай Sortir du nucleaire.

dont-nuke-the-climate1

"Не ядрыце клімат!" - бо задралі яго ўжо!

Чаму ж гэтыя шматлікія антыатамныя тусоўшчыкі аб’ядналіся вакол тэмы клімата?

Ядзерная індустрыя ўжо багата гадоў спрабуе запудрыць людзям мазгі, падсоўваючы атамную энэргетыку як «экалагічна чыстую» і «спрыяльную для клімата». Маўляў, АЭС не выкідаюць вуглякіслага ды іншых парніковых газаў.

Розныя «эксперты» і «адмыслоўцы» рэкламавалі АЭС як сродак барацьбы зьглабальным пацяпленнем. Былы штатаўскі прэзік Джорджы Буш малодшы ўзносіў хвалы ядзернай энэргіі як «бяспечнай і чыстай».

Нават аўтары ацэнкі ўздзеяння на навакольнае асяроддзе беларускай АЭС не прайшлі міма кліматычнай тэмы:

«Кроме того, уменьшение использования органического топлива (природного газа) вследствие ввода в действие АЭС приведет к снижению выбросов парниковых газов в атмосферу на 16 – 24 млн.тонн», заявілі яны. І далей: «АЭС… не выбрасывает в атмосферный воздух парниковых газов».

Ну, гэтыя таварышы шмат чаго цікавага заявілі. Паводле іх словаў, АЭС «не является источником распространения канцерогенных и даже радиоактивных веществ при нормальной эксплуатации». Э-э, у адрозненне ад «спецыялістаў» з дырэкцыі будаўніцтва белАЭС, кожны студэнт-фізік ведае, што ўсе АЭС у штатным рэжыме выкідаюць радыёактыўныя рэчывы, а кожны студэнт-медык памятае, што любая доза апраменьвання можа выклікаць рак.

Большасць студэнтаў можа здагадацца, што нават калі сам ядзерны рэактар не выкідае парніковых газаў, то АЭС у цэлым іх выкідае, а ўжо пры ядзерным паліўным цыкле, а таксама будаўніцтве электрастанцыі, яе вывадзе з эксплуатацыі і дэмантажы парніковыя газы ствараюцца ў вялікай колькасці.

Шмат вуглякіслага газу выкідае транспарт пры бясконцых перавозках на многія тысячы кіламетраў абсталявання для АЭС, урану на прадпрыемства ўзбагачэння, ядравага паліва і радыёактыўных адкідаў. Здабываецца ўранавая руда на вялізных адкрытых шахтах да 250 метраў глыбінёй у такіх аддаленых краінах як Аўстралія і Паўднёвая Афрыка. Здагадайцеся, колькі нафты спажываюць і, адпаведна, колькі парніковых газаў ствараюць кар’ерныя самазвалы. І якія адлегласці перавозак да Еўропы ці Паўночнай Амерыкі. Узбагачэнне ўрану таксама з’яўляецца вельмі брудным працэсам, і не толькі з-за радыёактыўнага забруджання. Напрыклад, завод па ўзбагачэнні ў Кентукі, ЗША, спажывае электраэнэргію дзвюх 1000-мегаватных вугальных электрастанцый. Гэтыя самыя заводы выкідаюць розныя іншыя парніковыя газы. Так, у вялікіх колькасцях пры ўзбагачэнні выкарыстоўваецца фтор; безумоўна, пэўная яго частка трапляе ў навакольнае асяроддзе (дакладны ўлік не вядзецца). А фтор і яго галагенізаваныя злучэнні даюць парніковы эфект у 10000 разоў большы, чым вуглякіслы газ. У 2001 годзе толькі два амерыканскія заводы па ўзбагачэнні выкінулі 405,5 тон CFC-114, які ёсць не толькі ў некалькі раз больш небяспечным за вуглякіслату парніковым газам, але і магутным знішчальнікам азонавага слою.

Вернемся на гіпатэтычную беларускую АЭС. Паводле словаў яе лабістаў і магчымых стваральнікаў, неад’емнай часткай станцыі будуць «пуско-резервная электрокотельная», «здание резервной дизельной электростанции системы аварийного электроснабжения с промежуточным складом дизельного топлива» і «маслодизельное хозяйство в составе: насосной станции масла и дизельного топлива, приемных сооружений для масла и дизельного топлива, открытого склада масла, открытого склада дизельного топлива». І аўтары справаздачы пра ацэнку ўздзеяння белАЭС на навакольнае асяроддзе спрабуюць пераканаць нас, што ўсё гэтае «хазяйства» не выкідае парніковых газаў?

Пуска-рэзервавая электракацельная выкарыстоўваецца да пуска станцыі і прынамсі 6-8 тыдняў на год падчас перагрузкі паліва.

Рэзервавая дызельная электрастанцыя ўключаецца ў выпадку інцыдэнта або аварыі, каб забяспечыць электраэнэргіяй адключаны блок. Як паказвае практыка, на працягу эксплуатацыі АЭС яе абавязкова некалькі разоў уключаць па галоўным прызначэнні (і, апрача таго, будуць перыядычна запускаць для праверкі).

Але не толькі ядзерная энэргетыка спрычыняецца да зменаў клімату. Змены клімата таксама ўплываюць на ядзерную энэргетыку. АЭС асабліва адчувальныя да экстрэмальных умоваў надвор’я, а змены клімата ў першую чаргу вядуць да больш частых і моцных паводак, засух, ураганаў, незвычайна высокіх ці нізкіх тэмператур. Так, у Францыі летам 2003 года чвэрць рэактараў была спыненая з-за летняй спёкі. Летам 2006 году не толькі ў Францыі, але і ў іншых краінах Еўропы і Паўночнай Амерыкі на многіх рэактарах была спыненая або зменшаная выпрацоўка электрычнасці. Таксама з-за незвычайнай спёкі. Прычын было дзве: з аднаго боку, паніжэнне ўзроўню вады ў рэках і азёрах і недаступнасць яе для водазабораў АЭС; з другога боку, занадта высокая тэмпература вады, паветра, будынкаў электрастанцый — звычайная сістэма ахалоджвання папросту не спрацоўвала. Іншы прыклад, зусім свежы. 3 студзеня 2010 года другі энэргаблок АЭС Салем (ЗША) быў спынены, а першы энэргаблок пераведзены на паніжаную магутнасць з-за абледзянення водазабора. Прычынай абледзянення сталі незвычайныя ўмовы надвор’я: моцны паўночна-заходні вецер і нізкія для гэтага раёна тэмпературы. А ці гатовыя віртуальныя водазаборы праектаванай белАЭС да такіх зімаў, як бягучая?

Нягледзячы на тое, што «мірны атам» ніяк не падыходзіць на ролю выратавальніка планеты ад кліматычнага калапсу, атамнае лобі спрабуе дамагчыся фінансавай падтрымкі для АЭС за «ўнёсак за барацьбу з кліматам». Такая фінансавая падтрымка мусіла паступіць праз так званыя «механізмы гнуткасці» Кіёцкага пратаколу. Атамныя лабісты прапаноўвалі, каб брудныя індустрыі, якія спальваюць шмат нафты, газу ці вуглю і выкідаюць шмат вуглякіслага газу, замест таго, каб змяншаць свае выкіды, плацілі за будаўніцтва новых АЭС. АЭС, нібыта, выкідаюць нашмат меней парніковых газаў. (Атамным лобі) дапускаецца, што такія АЭС будаваліся б замест вугальных ці газавых электрастанцый. Цікава, а чаму б не дапусціць, што такія АЭС будаваліся б замест ветраэнэргетычных установак і сонечных электрастанцый? У свой час у Кіёцкі пратакол ядзерная энэргетыка не трапіла і субсідый, адпаведна, не атрымала. Але яе прыхільнікі не склалі рукі і цяпер спрабуюць прасунуць АЭС у новае кліматычнае пагадненне.

Натуральна, многія з гэтымі спробамі не пагаджаюцца. Вось што адбылося падчас апошняй ААНаўскай кліматычнай канферэнцыі.

5 снежня, за два дні да пачатку 15-й Канферэнцыі бакоў Рамкавай канвенцыі ААН па змене клімата, у Капенгагене быў вывешаны вялізны банер «Don’t Nuke the Climate!» (глядзі фота). Вывешаная расцяжка была не абы-дзе, а насупраць Бэла-цэнтра, які прымаў Канферэнцыю бакоў.

10 снежня была ўпрыгожаная скульптура андэрсанаўскай русалкі, адзін з сімвалаў Капенгагену. На яе твар апранулі маску са знакамі радыяцыі, а на шыю павесілі плакацік «Don’t Nuke the Climate!» Даводзіцца адзначыць, што ў дні капенгагенскага саміта імідж русалкі эксплуатавалі некалькі разоў самыя розныя структуры. Напрыклад, карпарацыі Monsanto была ўручана ўзнагарода «Раззлаваная русалка» (http://www.angrymermaid.org/) як самаму нахабнаму карпаратыўнаму лабісту, які спрабуе выдаць небяспечныя для навакольнага асяроддзя і людзей рэчы за «экалагічныя» (карпарацыя ўцюхвае піплу насенне генетычна мадыфікаваных культур як яшчэ адно «развязанне» кліматычнага крызісу).

12 снежня падчас вялікай дэманстрацыі ў Капенгагене антыатамныя актывісты сфармавалі асобны блок у некалькі дзесяткаў чалавек. У гэты ж дзень пад лозунгам «Don’t Nuke the Climate!» прайшлі 216 антыатамных акцый у 12 краінах.

У наступныя тры дні людзі з расцяжкай «Don’t Nuke the Climate!» хадзілі вакол Бэла-цэнтра і ўнутры яго. 15 снежня з расцяжкай і вялізнай паштоўкай стаялі некалькі членаў Еўрапарламенту, а таксама італьянскага і французскага парламентаў. Сярод іх прысутнічалі і знакаміты антыглабаліст Жазэ Бавэ, і былы французскі міністр навакольнага асяроддзя Іў Кашэ. На паштоўцы вышынёй пару метраў з тэкстам петыцыі можна было паставіць свой подпіс, чым і скарысталіся многія мінакі.

Саміт прайшоў, і паколькі ніякіх рашэнняў на ім фактычна не было прынята, інтрыга захоўваецца. На новых раўндах кліматычных перамоваў нас чакаюць новы вал праатамнай прапаганды і новыя антыатамныя галасы абурэння.

Пры падрыхтоўцы выкарыстаныя матэрыялы кампаніі «Don’t Nuke the Climate!«, часопіса «The Ecologist«, сайта bellona.ru і ацэнкі ўздзеяння на навакольнае асяроддзе беларускай АЭС, а таксама кніга «Хлуслівыя абяцанкі«.


Добавить статью в закладки

Comments are closed.