Каляндар атамнай эры. 6 студзеня

6 студзеня 1990 года на блоку 1 Калінінскай  АЭС пагоршылася радыяцыйная  абстаноўка. Пралілася каля 20 кубаметраў  вады з другога контура з  удзельнай радыёактыўнасцю каля  трох кюры на літр. Большая  частка радыёактыўнай вады трапіла ў возера Песьва, якое выкарыстоўваецца як вадаём-ахаладжальнік АЭС. Рэшта прасачылася ўнутр памяшканняў з персаналам і выклікала дадатковае апраменьванне работнікаў станцыі. Паводле афіцыйных звестак, вінаватым у здарэнні быў персанал АЭС.

Вядома, гэта быў не адзіны значны інцыдэнт на Калінінскай АЭС. Сур’ёзныя пазаштатныя сітуацыі здараліся і ў ліпені 1992, і ў траўні 1995, і ў іншыя часы. З 1991 па 2000 гады на Калінінскай АЭС адбылося 98 парушэнняў у працы. І колькасць здарэнняў на гэтай АЭС не з’яўляецца рэкорднай; наадварот, яна даволі тыповая для расійскіх атамных электрастанцый.

Калінінская АЭС з трыма энэргаблокамі ВВЭР-1000 месціцца каля горада Удомля Цвярской вобласці, паміж азёрамі Песьва і Удомля. Абодва возера выкарыстоўваюцца для забора вады на патрэбы станцыі, у іх жа і зліваюцца сточныя воды. Так, у 2000 годзе аб’ём скінутай у азёры забруджанай радыёнуклідамі вады склаў 45375 кубаметраў. Даўней ваду з азёраў можна было пасля нескладанай ачысткі піць. Цяпер Удомля і Песьва з-за радыёактыўнага забруджання непрыдатныя нават для купання.

Пры гэтым  ёмістасці для захавання вадкіх і цвёрдых радыёактыўных адкідаў  перыядычна перапаўняюцца і атамшчыкі  ледзь-ледзь паспяваюць уводзіць у  эксплуатацыю новыя. Так, на мяжы ХХ і ХХІ стагоддзяў на Калінінскай АЭС былі цалкам, на 100% запоўненыя ёмістасці кубовай рэшты і нізкаактыўных сарбентаў, а перапрацоўка сухіх соляў на ўстаноўцы бітумавання не праводзілася, бо кампаўндасховішча станцыі было запоўнена на 99%.

Але АЭС – гэта не толькі радыёактыўнае забруджанне навакольнага асяроддзя, гэта яшчэ і клубок сацыяльных праблем.

Калінінскую АЭС пачалі будаваць у 1974 годзе, але  дагэтуль у старой частцы Удомлі няма нармальнай пітнай вады. Вада ў студнях і калонках надзвычай брудная, піць яе немагчыма. Пры будаўніцтве АЭС старая сістэма водазабеспячэння была парушаная, а пра наладжванне новай атамшчыкі не паклапаціліся. На тыя вуліцы, дзе пракладзены асфальт, прывозяць ваду ў бочках; але большасць вуліц такой раскошы пазбаўленая.

Дамы дагэтуль атапліваюцца дровамі, а дровы (ў лясным краі!) непамерна дарагія пры нізкіх зарплатах. “Росатом” не парупіўся, каб правесці ў гістарычную частку горада газ.

Электраэнэргія  ў старую частку Удомлі дагэтуль падводзіцца не з АЭС, а з горада Балагое. З 2002 года ніякіх зніжак за суседства з АЭС мясцовыя жыхары (як і жыхары іншых гарадоў атамшчыкаў) не атрымліваюць – аплочваюць электрычнасць напоўніцу.

Да 2005 года нават у новай частцы горада не працавала вулічнае асвятленне.

Вось такі рай рыхтуе “Росатом” для многіх мясцінаў у Расіі, дзе плануе будаваць свае АЭС: забруджаная прырода, адсутнасць сацыяльнага забеспячэння, разваленая інфраструктура.

Паводле матэрыялаў Сацыяльна-экалагічнага саюза і Грынпіс-Расія


Добавить статью в закладки

Comments are closed.