Капенгаген, 1984/2009: храналогія падзей

Самай сціслай квінтэсэнцыяй капенгагенскага настрою аўтара можа стаць адна лічба: 1984. Першы ўспамін пра паездку на «COP 15», які прыходзіць у галаву, — налепкі на слупах па цэнтры горада. Малапрыкметныя такія (іх, відаць, таму не надта і здзіралі): на шэрым фоне кола са светлых еўразвязаўскіх зорачак, унутры кола — 1984, і ў куточку дробна: George Orwell.

Горад быў акупаваны граміламі ў цёмна-сіняй форме. Яны захоўвалі ананімнасць: толькі часам на форме былі нумары аддзелаў, і ніколі ніводзін парсюк не паведаміў рэпрэсаваным удзельнікам пратэстаў сваё прозвішча.

У небе ўвесь час (нават уночы!) вісеў хаця б адзін паліцэйскі верталёт. Паліцэйскія мікрааўтобусы і легкавікі круглыя суткі лёталі туды-сюды (часта з уключанай сірэнай) без бачнай прачыны, проста каб панэрваваць публіку. Па цэнтры горада і вакол Бэла-цэнтра, дзе праходзілі перамовы, натоўпамі хадзілі патрулі паліцыі (ў тым ліку ў цывільным) і вайскоўцаў. У любым месцы горада ў любога мінака маглі праверыць дакументы і змесціва сумкі, а калі штосьці падасца падазроным (паглядзеў скоса, напрыклад) — завінціць для больш блізкага знаёмства. Затрыманне працягласцю да 12 гадзін можа быць «прэвентыўным»: «каб не нарабіў чаго».

У атмасферы татальнага пошуку «злачынцаў» (дакладней людзей, якіх лягчэй такімі абвясціць) і прайшлі перамовы COP15. Мы прапаноўваем храналогію падзей гарачых снежаньскіх дзён у Капенгагене.

26 лістапада

Спешна прыняты комплекс паправак у заканадаўства Даніі, які істотна пашырыў паўнамоцтвы паліцыі і павялічыў пакаранні за акты грамадзянскага непадпарадкавання. Усе папраўкі ўступілі ў дзеянне да пачатку кліматычнага саміта. Каментатары кажуць пра закат дацкай дэмакратыі.

28 лістапада

Дэманстрацыя ў Жэневе супраць Сусветнай гандлёвай арганізацыі (WTO). 29 і 30 лістапада ў Жэневе працягваліся акцыі супраць WTO і абмеркаванні альтэрнатыў ёй. Адтуль двумя шляхамі стартаваў Караван сацыяльнай і кліматычнай справядлівасці (http://www.climatecaravan.org/), удзельнікі якого праехалі праз гарады Францыі, Бельгіі і Нямеччыны, каб сустрэцца ў Гамбургу і разам скіравацца да Капенгагену. Караван складаўся з прадстаўнікоў нізавых грамадскіх рухаў са ўсяго свету: новазеладскіх маоры (карэннага насельніцтва выспаў), індзійскіх сялянак, беларускіх беспрацоўных і да т.п. Па дарозе адбываліся прэс-канферэнцыі, сустрэчы з прадстаўнікамі мясцовых сацыяльных рухаў і акцыі.

7 снежня

Пачатак афіцыйных перамоваў COP15. Па Капенгагене гуляе выплыўшы на паверхню з калідораў улады чарнавік магчымага Капенгагенскага пагаднення. Сярод іншага, у ім прапаноўваецца аказваць фінансавую і тэхналагічную дапамогу краінам, якія развіваюцца, толькі пры выкананні імі складанага (і дарагога) нагляду за выкідамі — самым бедным такое папросту не пад сілу, а сам механізм дакладнага кантролю за выкідамі патрэбны перадусім для ўмацавання рынку выкідаў.

Выканаўчы сакратар Рамкавай канвенцыі ААН па змене клімата Іва дэ Бор на прэс-канферэнцыі перанакіроўвае пытанні да дацкага прэм’ер-міністра Ларса Локке Расмусена (маўляў, папера — з ягонага офіса, і да афіцыйнага перамоўнага працэса яна простага дачынення не мае). Данію абвінавачваюць у недэмакратычным «працягванні» выгадных заможным краінам рашэнняў. Удзельнікі Пан-афрыканскага альянса кліматычнай справядлівасці прайшліся маршам па Бэла-цэнтры ў знак пратэсту.

8 снежня

Пачалася змястоўная частка Klimaforum09 (http://www.klimaforum09.org/), «народнага кліматычнага саміта», як яго называюць арганізатары (ўрачыстае адкрыццё адбылося напярэдадні). Удзельнікі разнастайных грамадскіх арганізацый і сацыяльных рухаў да 18 снежня ўсебакова абмяркоўвалі праблемы клімата, навакольнага асяроддзя, сацыяльнай справядлівасці.

9 снежня

Паліцыя прадпрыняла начны рэйд на месца начлегу некалькіх сотняў кліматычных актывістаў па вуліцы Рагнхільдгадэ. Канфіскаваныя «незаконныя матэрыялы»: напрыклад, расцяжкі да дэманстрацый і складныя лесвіцы. Насамрэч, незаконным быў рэйд: у актывістаў быў кантракт з горадам, паводле якога паліцыя не мела права заходзіць на тэрыторыю. Дазвол на вобшук свінюкі атрымалі ўжо пасля яго правядзення.

На нямецка-дацкай мяжы і на ўездзе ў Капенгаген паліцыя правярала і абшуквала аўтамабілі і аўтобусы; некаторыя транспартныя сродкі трымалі на месцы па некалькі гадзін.
Каля амбасады ЗША ў Капенгагене прайшоў мітынг з патрабаваннем вывесці войскі з Афганістану.

10 снежня

На Klimaforum09 прынятая дэкларацыя, вытрымкі з якой вы можаце прачытаць у гэтым нумары «Мірнага атаму».

11 снежня

Актывісты з Climate Justice Action (http://www.climate-justice-action.org/) і Never Trust A Cop (http://nevertrustacop.org/) спрабавалі сарваць хаця б адну з мноства сустрэч бізнэса ці патурбаваць якую-небудзь карпарацыю (http://notyourbusiness.hacklab.dk/). Але, блакаваныя паліцыяй, нічога не здолелі зрабіць. Затрыманыя дзесяткі людзей, у тым ліку 11 валанцёраў першай дапамогі, за якімі паліцыя адмыслова ганялася.

12 снежня

Раніцай уплывовая і вялікая міжнародная сетка няўрадавых арганізацый Friends of the Earth («Сябры зямлі») наладзіла дэманстрацыю «Паводка за кліматычную справядлівасць» (http://www.copenhagenflood.org/). А першай гадзіне дня з парламенцкай плошчы (Christiansborg Slotsplads) стартавала вялікая дэманстрацыя (http://12dec09.dk/), якая сабрала да 100 тысяч удзельнікаў. Кажуць, што «чорны блок» разбіў шыбы ў Капенгагенскай кліматычнай біржы, дзе займаюцца гандлем паветрам. Адзіны і маналітны «чорны блок» і разбітыя шыбы мне здаюцца нейкім міфам, але паліцыі вельмі хацелася да нечага дачапіцца — яна і дачапілася. Паліцыя рассякла мірную дэманстрацыю, выдзеліўшы з яе некалькі блокаў. 968 чалавек затрымана. Падаўляючая большасць адпушчана праз некалькі гадзін без якіх бы тое ні было абвінавачанняў. У часе затрымання парсюкі здзекваліся з людзей разнастайнымі спосабамі: прымушалі некалькі гадзін запар сядзець у нязручнай позе на халодным асфальце, не давалі наведваць прыбіральню, піць і есці.

Пры спробах затрыманых заяўляць свае правы свінюкі прымянялі сілу і запалохвалі. Рукі затрыманых былі так сціснутыя кайданкамі за спінай, што сляды нагадвалі пра сябе яшчэ некалькі тыдняў. Сярод беспадстаўна затрыманых — актывісты з Беларусі, Расіі, Украіны.

121220091

Пад час чакання канструктыўнага дыялогу з копамі на COP15

У далейшым праз масавыя затрыманні фокус грамадскай увагі быў пераключаны з патрабаванняў дэманстрантаў на рэпрэсіі супраць іх. Усе спачувалі затрыманым, але з цяжкасцю маглі прыгадаць, за што ж яны вытупалі перад тым, як трапіць у пастарункі.

13 снежня

Акцыя — спроба прыпыніць капіталістычную вытворчасць (http://htp.noblogs.org/), бо гэтая вытворчасць завяла нас у кліматычны крызіс і вядзе далей той самай дарогай. Паколькі на календары была нядзеля, аб’ектам атакі быў выбраны порт, які працуе бесперапынна. Але дэманстранты былі абкружаныя паліцыяй задоўга да таго, як дайшлі да мэты. Праведзеныя масавыя затрыманні. Сярод затрыманых быў грамадзянін Беларусі, якога абвінавацілі ў нападзе на паліцэйскага. На самой справе дэманстранты не атакавалі паліцыю, а самі былі беспадстаўна атакаваныя. У суд не было прадстаўлена ніякіх доказаў «злачынства», апрача вусных сведчанняў аднаго паліцэйскага. Тым не меней, абвінавачаны дагэтуль (на 12 студзеня) утрымліваецца пад вартай у чаканні канчатковых слуханняў па сваёй справе.

Адначасна ў цэнтры горада ішоў невялікі мітынг Via Campesina супраць мясной індустрыі.

14 снежня

Дэманстрацыя за свабоду перамяшчэння людзей, за правы кліматычных уцекачоў і супраць дэпартацый. Акцыя выглядала троху блякла, бо расцяжкі ды іншыя матэрыялы, якія рыхтавалі арганізатары, былі канфіскаваныя паліцыяй. Але на заканчэнне ў некаторых удзельнікаў мерапрыемства атрымалася павесяліцца. Фінішным пунктам дэманстрацыі быў парламенцкі пляц, пасярэдзіне якога стаяў надзіманы шар з рэкламай Дацкай энэргетычнай агенцыі, якая пыжыцца зрабіць сабе «зялёны» імідж і пры гэтым адмаўляецца закрываць апошнюю ў Даніі вугальную электрастанцыю — адну з найбольшых крыніц выкідаў парніковых газаў у краіне.

Па афіцыйным сканчэнні дэманстрацыі пэўныя спрытныя яе ўдзельнікі ўмудравалі адвязаць шар і пагнаць па вуліцы. Праўда, праз пару соцень метраў шлях перакрылі парсюкі з галоднымі сабакамі, натрэніраванымі кідацца на людзей. Весялуха скончылася, але затрыманых было мала.

141220091

"Хоць шаром пакаці!" - гэта выглядае прыблізна так

Затое багата затрыманых (194) было ўвечары. У Хрысціяніі (аўтаномны самакіраваны квартал горада) іншыя аматары весялухі падпалілі барыкаду. Паліцыя пад’ехала пагрэцца і, не чакаючы, пакуль палятуць камяні, першай напусціла пярцовай газы ды акупавала Хрысціянію. З паветра акцыю забяспечваў верталёт з пражэктарам, дастаткова магутным, каб асвятляць той ці іншы цёмны кут квартала, як на далоні.

Гучыць як анекдот, але гэта чыстая праўда: гэтага самага дня паліцыя канфіскавала ў фран7цузаў, якія запраўляюць свой фургон спрацаваным раслінным алеем, 250 літраў гэтага самага расліннага алею! А каб бомбу не зрабілі!.. Хаця французам было нявесела: ім не было на чым вяртацца дахаты.

15 снежня

Дзень акцый у падтрымку арганічнай і арыентаванай на мясцовыя патрэбы сельскай гаспадаркі супраць буйнога аграпрамысловага бізнэсу, які спусташае планету. Міжнародны сялянскі рух Via Campesina (http://viacampesina.org/) наладзіў зусім-зусім пацыфісцкую дэманстрацыю, якая ўсё адно сутыкнулася з нападамі з боку паліцыі.

Прадстаўнікам многіх няўрадавых арганізацый адмоўлена ў акрэдытацыі. Толькі 7 тысяч назіральнікаў з прыблізна 20 тысяч, якія раней мелі акрэдытацыю, могуць прайсці ў месца правядзення Канферэнцыі бакоў.

16 снежня

Пачатак міністэрскай фазы афіцыйных перамоваў. У Капенгаген з’ехаліся міністры экалогіі (навакольнага асяроддзя, аховы прыроды) усіх краін-бакоў Рамкавай канвенцыі ААН па зменах клімату, а таксама кіраўнікі многіх дзяржаў, у тым ліку Абама, Мядзведзеў, Сарказі ды іншыя.
Climate Justice Action праводзіла дэманстрацыю «Вярні сабе сілу!» (‘Reclaim Power!’).

У час, калі шэсце падышло да Бэла-цэнтра, з апошняга выйшла група памерам у пару соцень назіральнікаў і ўдзельнікаў афіцыйных перамоваў. Калі гэтая група паспрабавала далучыцца да дэманстрацыі, яе ўдзельнікі былі жорстка збітыя паліцыяй. Падкрэслю: гэта былі людзі рознага веку (ў тым ліку сталага) і роду (шмат жанчын). Яны не ставілі на мэце прарвацца на тэрыторыю Бэла-цэнтра, а, наадварот, пакідалі яе. Збіццё і пярцовы газ зазналі і ўдзельнікі асноўнай дэманстрацыі. Тым не меней, яны правялі Народную кліматычную асамблею каля агароджы Бэла-цэнтра, а пасля прайшлі маршам ў Хрысціянію.

17 снежня

У Бэла-цэнтр пусцілі толькі 300 прадстаўнікоў грамадскасці. Астатнім нічога не застаецца як арандаваць канферэнц-залу і сачыць за хадой саміта па паведамленнях прэсы і сваіх нешматлікіх калег унутры.

Тым часам афіцыйная канферэнцыя буксуе.

18 снежня

На парламенцкай плошчы — мітынг салідарнасці з арыштаванымі ўдзельнікамі пратэстаў.
У Бэла-цэнтры — апошні дзень Канферэнцыі бакоў. Ніводзін назіральнік ад няўрадавай арганізацыі не дапушчаны, пазбавілі акрэдытацыі і многіх журналістаў.

Прапанаванае Баракам Абамам на ультыматыўнай аснове «падпісвай-ці-ідзі-гуляй» (папярэдне абмяркоўвалася з прадстаўнікамі Кітая, Індыі, Бразіліі і Паўднёва-Афрыканскай Рэспублікі) і падпісанае толькі 28-ю (пераважна еўрапейскімі) дзяржавамі Капенгагенскае пагадненне не з’яўляецца юрыдычна абавязваючым, мае на мэце зусім нязначнае зніжэнне выкідаў, замацоўвае гандаль парніковымі газамі і вельмі расплывіста кажа пра дапамогу багатых дзяржаў бедным. Тым не меней генеральны сакратар ААН Пан Гі Мун заахвочвае іншыя ўрады далучацца да сумніўнага пагаднення, чым моцна падрывае давер да кіруемай ім арганізацыі.

Кіраўнікі буйнейшых краін «глабальнай поўначы» (ЗША, Францыі) спрабуюць заяўляць пра дасягнуты поспех, але фактычна, саміт, на які ўскладалася столькі надзей, скончыўся пшыкам, зайшоў у тупік.
Як падсумавала знакамітая канадская журналістка Наомі Кляйн, пагадненне не ёсць «нічым болей, як толькі неахайным пактам паміж найвялікшымі забруджвальнікамі свету: я зраблю выгляд, што ты робіш нешта са зменамі клімату, калі ты зробіш выгляд, што я раблю. Па руках? Па руках».

19 снежня

Насамрэч Капенгагенскае пагадненне было ўхвалена толькі паміж 10 і 11 гадзінамі раніцы — праца канферэнцыі не спынялася ўсю ноч…

P.S. Варта пазначыць, што гэты пералік падзей і мерапрыемстваў закранае толькі найбольш значныя і пераважна тыя, якія шырока асвятляліся незалежнымі (некарпаратыўнымі) медыя. З яго выпалі разнастайныя дробныя акцыі прамога дзеяння накшталт начной атакі на амбасаду Ісландыі. Таксама сюды не трапілі невялікія пікеты і мітынгі, вывешванні расцяжак ды іншыя падзеі грамадскага жыцця дацкай сталіцы двух турботных снежаньскіх тыдняў.

Фота: http://modkraft.dk/


Добавить статью в закладки

One comment

  1. mediabarcamp
    #1

    Мирный Атом забурел видать — корреспондетов в загранку посылать…