Каляндар атамнай эры. 12 лістапада

У лістападзе 2003 года гідраграфічная служба Паўночнага флота Расіі праводзіла планавы агляд маякоў у Кольскай затоцы. Дванаццатага чысла супрацоўнікі службы знайшлі цалкам разабраны радыяізатопны тэрмаэлектрычны генератар (РИТЭГ), які сілкаваў электрычнасцю навігацыйны знак у губе Аленяй. Трынаццатага лістапада знайшлі цалкам разабраны РИТЭГ, які сілкаваў электрычнасцю навігацыйны знак на востраве Ніжні Гарачынскі. Радыяізатопныя крыніцы цяпла (РИТы) былі знойдзеныя паблізу — адзін у вадзе, другі на беразе выспы.

РИТ — крыніца радыяцыі з магутнасцю выпраменьвання каля 1000 рэнтген у гадзіну (бо ўтрымлівае стронцый-90), таму знаходжанне бліжэй за 500 метраў да яго небяспечна для здароўя і жыцця. Ліквідацыяй наступстваў аварыі займаліся да канца месяца — спярша ачапілі мясцовасць вакол небяспечных знаходак, а праз пару тыдняў перавезлі іх на пляцоўку часовага захавання службы радыяцыйнай, хімічнай і біялагічнай абароны (РХБЗ) Паўночнага флота. Толькі ў 2005 годзе небяспечны груз накіравалі ў спецыялізаваны навукова-даследчы інстытут (ВНИИТФА, Масква) для разборкі і далейшай адпраўкі на сумнавядомае вытворчае аб’яднанне «Маяк» (глядзі «Каляндар атамнай эры» за верасень) для захавання.

Рабаўнікі, якія разабралі РИТЭГі на запчасткі, атрымалі смяротныя дозы радыяцыі. Праўда, выявіць іх так і не атрымалася.

У свой час было выраблена каля 1500 радыяізатопных тэрмаэлектрычных генератара. На пачатак стагоддзя ў Расіі было каля 1000 РИТЭГаў, якія выкарыстоўваліся пераважна як элемент сілкавання маякоў. Ужо на той час усе яны выпрацавалі свой тэрмін дзеяння і павінны быць утылізаваныя. Тэрмін службы РИТЭГаў складае ўсяго 10 год, але бяспечнай актыўнасці радыяізатопныя крыніцы цяпла РИТ-90 дасягаюць толькі праз 900-1000 год. Дакладную колькасць РИТЭГаў ніхто не ведае, бо ў пачатку 1990-х уліковая дакументацыя пагублялася (магчыма, яе і не вялі) і яе даводзіцца аднаўляць.

Прыкладны кошт вывазу аднаго РИТЭГа з месца дыслакацыі і працэдуры ўтылізацыі складае каля 120 тыс. дол., што прыкладна роўна кошту новага РИТЭГа. Таму ўтылізоўваць іх Расія не спяшаецца. Калі суседзі па Арктыцы — Нарвегія і ЗША — даюць грошы, то вывозяць і захоўваюць. А не, то пакідаюць валяцца абы-як і абы-дзе. Так, валяюцца два аварыйна скінутыя з верталётаў РИТЭГі ў акіяне каля ўзбярэжжа Сахаліна. Некаторыя РИТЭГі аказваюцца папросту згубленымі: напрыклад, у верасні 2003 года інспекцыя не знайшла РИТЭГ на пункте «Кувэквын» (Чукотка).

У тых жа, якія ляжаць на месцы, часам руйнуецца блок радыяцыйнай абароны. Так, на мысе Наварын Чукоцкай аўтаномнай акругі ляжаў аварыйны РИТЭГ, узровень гама-выпраменьвання ад якога ў 2004 годзе дасягаў 87 рэнтген у гадзіну. Ясна, што на здароўі людзей, якія праходзяць міма, гэта адбіваецца не лепшым чынам. У 1998 годзе ў сяле Ванкарэм ад лейкеміі памерла двухгадовая дзяўчынка. Каля сяла знаходзіцца закінуты РИТЭГ.

Хтосьці яшчэ верыць пасля такіх гісторый, што атамшчыкі дбаюць пра бяспеку людзей? Ім абы тавар адгрузіць заказчыкам, а далей хай самі разбіраюцца як і за якія шышы гэную радасць утылізаваць.

P.S. На цяперашні момант усе РИТЭГі, якія сілкавалі маякі ў Мурманскай вобласці, вывезеныя на «Маяк». Электраэнэргію маякам даюць сонечныя батарэі. Прыклад, варты пераймання.

У падрыхтоўцы календара выкарыстаны матэрыялы сайта bellona.ru, а таксама кніга Аляксея Яблакава «Миф об экологической чистоте атомной энергетики«.


Добавить статью в закладки

Comments are closed.