Насустрач кліматычным перамовам у Капенгагене: па-за афіцыйным самітам ААН

7-18 снежня 2009 года ў Капенгагене пройдуць так званыя COP15 — кліматычныя перамовы пад эгідай ААН, на якіх абмяркуюць дамову па змяншэнні выкідаў парніковых газаў у атмасферу (http://en.cop15.dk/). Але па-за межамі Бэла-цэнтру (у ім адбудуцца перамовы) таксама будзе шмат мерапрыемстваў, якія прыцягнуць многія тысячы ўдзельнікаў. Прапаноўваем вашай увазе сціслы агляд асноўных з іх.

Мерапрыемствы ладзяць тры асноўныя сеткі: Klimaforum09, Climate Justice Action і Never Trust a COP. Разглядзім іх па чарзе.

Klimaforum09 (http://www.klimaforum09.org/) — добрапрыстойная кааліцыя няўрадавых арганізацый, у значнай частцы дацкіх. Яна выступае супраць тэхналагічных «развязанняў» праблемы з кліматам, за зніжэнне спажывання рэсурсаў, узнаўляльную энэргетыку, біяразнастайнасць, ашчадную да навакольнага асяроддзя сельскую гаспадарку і да т.п.

Уласна Klimaforum09 пройдзе ў DGI-byen, вялікім канферэнц-комплексе ў цэнтры Капенгагену. Праграма абяцае быць разнастайнай і ў многіх выпадках цікавай. Значную частку часу зойме распрацоўка дэкларацыі форума. Ужо зараз тэкст дэкларацыі абмяркоўваецца ў інтэрнэце, а прыняць яе плануюць пасярод саміта, каб перадаць на ААНаўскія перамовы. Выступіць на Клімафоруме пагадзіліся такія вядомыя асобы, як Вандана Шыва і Наомі Кляйн. Пройдуць некалькі канцэртаў: будзе спяваць і Дэвід Ровікс, якога так часта слухалі беларусы пад Ростакам у чэрвені 2007. Сярод іншых свае мерапрыемствы заявілі міжнародны рух сялян Via Campesina, Брытанскі кліматычны летнік (тэма: Змены клімату і антыкапіталізм), калектыў народнай адукацыі Trapese (Англія) ды Транснацыянальны інстытут (Амстэрдам).

Але варта адзначыць, што і Via Campesina, і Trapese, і Брытанскі кліматычны летнік уваходзяць у сетку Climate Justice Action (дзеянне за кліматычную справядлівасць). Яшчэ ў CJA запісаліся Інстытут сацыяльнай экалогіі са Злучаных Штатаў (заснаваны Мюрэем Букчыным), Rising Tide, Глабальная кліматычная кампанія, A SEED, Еўрапейская моладзь за дзеянне (EYFA) ды многія іншыя. Назвы некаторых арганізацый зусім незнаёмыя, бо гэта прадстаўнікі Нігерыі ці Бразіліі.

climate

Сайт кампаніі

CJA (http://www.climate-justice-action.org/) збіраецца не размовы вадзіць, а дзейнічаць. Сетка адназначна выступае супраць рынкавых ідэяў «выхаду» з кліматычнага крызісу і дамінацыі карпарацый у кліматычных перамовах. Яе ўдзельнікі спадзяюцца збудаваць глабальны рух за кліматычную справядлівасць і правесці паўнавартасную сістэмную трансфармацыю нашага грамадства. Яны заклікаюць пакінуць выкапнёвае паліва ў зямлі, сацыялізаваць (!) і дэцэнтралізаваць энэргетыку, шанаваць правы карэнных народаў і выплаціць кліматычныя пазыкі, якія «развітыя» краіны маюць перад «недаразвітымі».

Дакладнага раскладу мерапрыемстваў няма. Паколькі большасць з іх будзе не зусім легальнай (дазвол на блакаду электрастанцыі ў Даніі дастаць цяжка), то ў інтэрнэце пра іх, відаць, напішуць толькі пасля правядзення. Існуе расклад па днях. Так, 28 лістапада нас запрашаюць у Жэневу на марш супраць Сусветнай гандлёвай арганізацыі. У Капенгагене 13 снежня будзе дзень зрыву капіталістычнай вытворчасці, 14 снежня — дзень барацьбы з межамі і за правы кліматычных уцекачоў, а 16 снежня ўдзельнікі CJA мяркуюць наведаць афіцыйны саміт (верагодна, без афіцыйнага запрашэння).

12 снежня будзе вялікая дэманстрацыя, у якой прымуць удзел і Клімафорум, і Дзеянне за кліматычную справядлівасць. Далучацца да дэманстрацыі і радыкальныя левыя ды анархісты з Never Trust a COP (у вольным перакладзе — Ніколі не вер мянтам ды ААНаўскім перамовам па клімаце). На сваім сайце (http://nevertrustacop.org/) яны заклікаюць не ісці на ўскраіну да Бэла-цэнтра, а застацца ў цэнтры гораду — і дзейнічаць адпаведна сітуацыі ды ўласнаму разуменню.

Never Trust a COP разглядаюць глабальныя змены клімату як сацыяльную вайну, якую вядуць карпарацыі ды ўрады супраць народаў. Адпаведна, і народы мусяць узяць у рукі сякеры, пілы ды іншыя будаўнічыя інструменты, каб пачаць будаваць новы свет. «Даеш інтэрбрыгады!» — менавіта такі заклік часоў грамадзянскай вайны ў Іспаніі выкарыстоўваюць недаверлівыя паўстанцы.

Як бачна, у Капенгагене будзе цікава. «Мірны атам» плануе і надалей асвятляць снежаньскі кліматычны саміт у дацкай сталіцы. Сачыце за навінамі (а лепей — рабіце іх самі).


Добавить статью в закладки

Comments are closed.